Артыкулы: Збаражскія

Збаражскія, княжацкі род герба «Карыбут». Паходзілі ад кн. Васіля Несвіцкага (Карыбутавіча), які ў сярэдзіне 15 ст. валодаў Збаражам на Валыні (адсюль прозвішча). У 1463 яго сыны Васіль, Сямён і Солтан падзялілі бацькаву спадчыну. Васіль атрымаў Збараж і вакольныя сёлы, у 1474 ён загінуў у падпаленым крымскімі татарамі Збаражы. Ад яго сына Міхаіла пайшоў род Вішнявецкіх, ад сына Сямёна — далейшы род З., ад сына Фёдара — роды Парыцкіх і Варанецкіх. Вызнавалі праваслаўе, з канца 16 ст. — каталіцтва. Найб. вядомыя:

Сямён Васілевіч, сын Васіля Васілевіча. Пры падзеле з братамі бацькавых уладанняў атрымаў Збараж.

Андрэй Сямёнавіч (?—пасля 1528), сын Сямёна Васілевіча. Удзельнічаў у Вішнявецкай бітве 1512 з татарамі. У 1528 ставіў у войска ВКЛ 14 коннікаў. Меў сыноў Мікалая, Стафана, Юрыя, Уладзіслава, Міхаіла.

Мікалай Андрэевіч (?—да 8.7.1574), сын Андрэя Сямёнавіча. У 1559 і 1563 спраўца Кіеўскага ваяв. З 1560 стараста крэменецкі. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569. Першым шлюбам жанаты з княжной Казекай, другім — з Ганнай, дачкой апошняга сербскага дэспата Іаана Стафанавіча Бранкавіча. Валодаў чвэрцю Збаража і інш.

Юрый Андрэевіч (?—да 3.5.1580), сын Андрэя Сямёнавіча. Пасол на сойм 1573. Жонка Шчэнсная, дачка ваяводы віцебскага Ю.В.Насілоўскага, прынесла яму маёнткі Вязынь, Крайск і Жыцін у Менскім пав., Насілаў у Ашмянскім пав. Пасля жанаты з Б.М.Казінскай. Валодаў таксама часткай Збаража і інш. маёнткамі на Украіне.

Уладзіслаў Андрэевіч (?—1581 або 1582), сын Андрэя Сямёнавіча. Валодаў маёнткам Валошышчы ў Крэменецкім пав., дзе ў 1557 атрымаў права залажыць горад. Пасол на соймы 1564 і 1569. З 1570 стараста (дзяржаўца) батоцкі, у 1573—74 спраўца Кіеўскага ваяв. Меў сыноў Стафана, Канстанціна, Пятра.

Стафан Андрэевіч (?—1585), сын Андрэя Сямёнавіча. Каралеўскі дваранін, ваявода віцебскі ў 1555—64, троцкі кашталян ў 1564—66 і ваявода з 1566; дзяржаўца жосленскі з 1574, самілішскі, рудніцкі, дарсунішскі. У 1555—56 пасол у Маскву. Каля 1560 збудаваў замак і заснаваў горад у Суражы. Дзякуючы шлюбу з Г.Я.Забярэзінскай атрымаў маёнткі Боцькі, Дубна, Кнарыды, Міжрэчча, частку Забярэззя, Волму, Бакшты і інш. 2-я жонка, княгіня Н.М.Заслаўская, прынесла яму маёнткі Цяцерын, Пацкава, Кабыльнік. 3-я жонка — Д.Фірлей. Ад гаспадара атрымаў маёнткі Краснае Сяло, Гегужын, Жэймы. Валодаў часткай Збаража і інш. на Украіне.

Януш Мікалаевіч (?—1598), сын Мікалая Андрэевіча. Ваявода брацлаўскі з 1576; стараста крэменецкі з 1574, пінскі ў 1581—90. Пасол на сойм 1573. У час Інфлянцкай вайны 1558—82 вызначыўся ў Чашніцкай бітве 1567, пры ўзяцці Полацка ў 1579 і Вял. Лук у 1580, аблозе Пскова ў 1581. Неаднаразова адбіваў напады крымскіх татараў на ўкр. землі (найбуйнейшыя — у 1576 і 1594). Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага пераміря 1582.

Крыштоф (1580—6.3.1627), сын Януша Мікалаевіча. Вучыўся ў Нідэрландах. У 1609 ваяваў пад Смаленскам. Канюшы каронны з 1610, стараста крэменецкі з 1608, баляслаўскі, вісліцкі і грубяшоўскі. Пасол у Турцыю ў 1621.

Ежы (?—30.7.1631), сын Януша Мікалаевіча. Вучыўся ў Нідэрландах. Каронны крайчы ў 1612—19, падчашы з 1619—20, кашталян кракаўскі з 1620; стараста пінскі з 1590, сокальскі з 1607, жарнавецкі з 1624, вісліцкі з 1628, дзяржаўца радагошцкі з 1603. Апошні з роду З.

Літаратура:

БаумгартенН.А. К родословию князей Глинских, Вишневецких, Сангушек, Чарторыйских и Збаражских: Дочери последнего Сербского Деспота в Западной, Литовской Руси // Летопись Историко-родословного общества в Москве. М., 1908. Вып. 4;

Яго ж. Происхождение князей Вишневецких, Збаражских и Воронецких // Там жа. 1910. Вып. 4;

DobrowolskaW. Młodość Jerzego i Krzysztofa Zbaraskich: Z ustępem o rodzie Zbaraskich i życiorysem Janusza Zbaraskiego, wojewody bracławskiego. Przemyśl, 1926;

Яе ж. «Ozdoby» rodu Zbaraskich // AteneumWileńskie.1928. Z. 15;

Rawita-Gawroński F. Książęta Nieświeccy, Zbarascy i Wiszniowieccy do końca XVI w. // Там жа. 1930. Z. 1—2.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.