Артыкулы: Інфлянцкая рымска-каталіцкая епархія
Інфлянцкая рымска-каталіцкая епархія, адм.-тэр. адзінка рымска-каталіцкай царквы. Створана ў 1582 каралём польскім і вял. князем літоўскім Стафанам Баторыем у Інфлянтах. Вусна зацверджана рымскім папам Рыгорам ХІІІ у 1583, адпаведную булу выдаў папа Сікст V у 1588. Цэнтр — г. Вендэн. Ахоплівала заваяваныя Рэччу Паспалітай землі ў Інфлянтах (у т.л. Рыгу), а ў 17 ст. — і інфлянцкія тэрыторыі, кантроль над якімі быў страчаны на карысць Швецыі (у т.л. Рыгу). Першапачаткова называлася Вендэнская, з 1677 Інфлянцкая, пасля аб’яднання з Пільтэнскай епархіяй у 1685 — Інфлянцкая і Пільтэнская. Ствараючы новую епархію, Стафан Баторый імкнуўся да аднаўлення каталіцтва ў Інфлянтах, якое страціла тут свае пазіцыі ў выніку Рэфармацыі. Епархія атрымала ад яго некалькі маёнткаў, пасля яе ўладанні пашыраны шляхецкімі падараваннямі. У 1758 мела 12 парафій (у Пільтэнскай 10 парафій), у 1783 — больш за 30 парафій (у Пільтэнскай 15 парафій). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) частка епархіі далучана да Рас. імперыі (у 1783 гэта тэрыторыя ўключана ў Магілёўскую архіепархію). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) рэшта епархіі таксама ў Рас. імперыі. У 1795 імператрыца Кацярына ІІ замест Віленскай і Інфлянцка-Пільтэнскай рымска-каталіцкіх епархій стварыла агульную Інфлянцкую з цэнтрам у Вільні, што не было прызнана Рымам. У сваю чаргу апостальскі дэлегат у 1798 уключыў І.р.-к.е. ў склад Віленскай, што зацвердзіў у тым жа годзе папа Пій VI.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


