Артыкулы: Іона І
Іона І (?—31.3.1461), дзеяч праваслаўнай царквы ВКЛ. Паходзіў з удзельнага Галіцкага княства. Там пастрыгся ў манахі, пасля перайшоў у Маскоўскі Сіманаў манастыр. Епіскап разанскі ў 1433—48. Пасля смерці мітрапаліта Фоція (1/2.7.1431) кіраваў справамі мітраполіі, аднак у 1432 мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі ў Канстанцінопалі зацверджаны смаленскі епіскап Герасім, стаўленік вял. князя літоўскага Свідрыгайлы. У адказ у 1432/33 вял. князь маскоўскі Васіль ІІ прызначыў мітрапалітам І. І (тытулаваўся «нарачоным» мітрапалітам). Відаць, пасля спалення Герасіма (1435) І. І ездзіў у Канстанцінопаль, але не дамогся зацвярджэння, і ў 1437 мітрапалітам пастаўлены Ісідор. І. І зноў прэтэндаваў на мітрапаліцкі пасад пасля ад’езду Ісідора з Русі (1441). 15.12.1448 на саборы ў Маскве І. І абраны мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Гэтага абрання не падтрымалі правасл. патрыярх у Канстанцінопалі і патрыярх-уніят Ісідор. Нягледзячы на гэта, Віленскі сойм 31.1.1451 прызнаў адзінства Кіеўскай мітраполіі пад уладай І. І. Аднак у 1458 улады ВКЛ прызналі законным кіеўскім мітрапалітам Грыгорыя ІІ Балгарына, пасвячонага патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам. Гэта выклікала пратэст з боку І. І, які патрабаваў ад праваслаўных ВКЛ вернасці для сябе. Частка праваслаўных ВКЛ працягвала прызнаваць уладу І. І. У 1451 ён прызначыў сваім намеснікам у Кіеве протадыякана Акакія, пацвердзіў паўнамоцтвы епіскапа ўладзімірскага і берасцейскага Данііла, пастаўленага мітрапалітам-уніятам Ісідорам. У 1454 прасіў смаленскага епіскапа Місаіла, каб той не дапускаў варожых дзеянняў супраць Масквы мажайскага князя Івана Андрэевіча, што ўцёк у ВКЛ. І. І — аўтар пасланняў вял. князю літоўскаму Казіміру, кіеўскаму князю Аляксандру (Алельку), пану Міхаілу Кезгайлавічу, полацкім епіскапам Сімяону і Калісту і інш. Быў апошнім мітрапалітам, хто меў агульную ўладу над правасл. епархіямі ВКЛ і Макоўскай дзяржавы і стаў першым фактычным маскоўскім мітрапалітам.
Літаратура:
Русский феодальный архив XIV—первой трети XVI века. Ч. 1—4. М., 1986—88.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


