Артыкулы: Іосіф IV Нелюбовіч-Тукальскі
Іосіф IV Нелюбовіч-Тукальскі [свецкае імя Анастасій; ?—26.7(5.8).1676] — дзеяч праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай, епіскап мсціслаўскі, аршанскі і магілёўскі (1661—1676), мітрапаліт кіеўскі і ўсёй Русі (1663—1676).
З пінскага шляхецкага роду герба «Касцеша», сын пінскага войскага. Вучыўся ў Віленскай брацкай школе. У канцы 1620-х г. уступіў у Віленскі Святадухаўскі манастыр, у 1629 перайшоў у новазаснаваны Купяціцкі манастыр. У 1641—1644 купяціцкі ігумен, намеснік луцкага епіскапа. З 1644 архімандрыт Пінскага Лешчанскага манастыра. Прызначаны мітрапалітам Дыянісіем Балабанам сваім намеснікам у ВКЛ. Пасля смерці епіскапа мсціслаўскга, аршанскага і магілёўскага Іосіфа Канановіча-Гарбацкага (1653) і вызвалення Магілёва ад маскоўскай акупацыі (1661) кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір 3.8.1661 прызначыў Іосіфа Нелюбовіча-Тукальскага з ліку некалькіх кандыдатаў на ўрад епіскапа мсціслаўскага, аршанскага і магілёўскага. Пасля смерці мітрапаліта Дыянісія Балабана (1663) сабор ў Корсуні ў 1663 абраў мітрапалітам кіеўскім і ўсей Русі Іосіфа Нелюбовіча-Тукальскага. Аднак хутка пасля іншы сабор абраў мітрапалітам епіскапа перамышльскага Антонія Вінніцкага. Абодва прэтэндэнты атрымалі ў 1663 ад караля пацвярджальныя прывілеі. У 1664 па нагаворы гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры Іосіф Нелюбовіч-Тукальскі арыштаваны каралеўскімі ўладамі і разам з былым гетманам Ю.Хмяльніцкім сасланы ў Мальбарк (Марыенбург). У 1667 вызвалены і атрымаў каралеўскі прывілей на мітраполію. У 1668 па хадайніцтве гетмана П.Дарашэнкі зацверджаны канстанцінопальскім патрыярхам Мяфодзіем ІІІ у сане мітрапаліта і патрыяршага экзарха ў Рэчы Паспалітай, заставаўся епіскапам мсціслаўскім, аршанскім і магілёўскім, архімандрытам лешчанскім. Намагаўся распаўсюдзіць сваю ўладу і на Левабярэжную Украіну, якая заставалася пад кантролем расійскіх уладаў. Пры садзейнічанні Дарашэнкі схапіў і зняволіў свайго даўняга саперніка Мяфодзія, на той час ужо мітрапаліцкага месцаахоўніка на Левабярэжжы. Жыў у Чыгірыне, пахаваны ў Лубнах.
Падрабязнасці:
Mironowicz Antoni. Metropolita Józef Nielubowicz Tukalski. Białystok: Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1998. 127 s., il.
© Валерый Пазднякоў, 2005, 2017
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


