Артыкулы: Іоў Барэцкі
Іоў Барэцкі [свецкае Іван Мацвеевіч; ?, мяст. Барэчы, Галіччына—2(12).3.1631], дзеяч праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай, перакладчык, пісьменнік. У 1604—05 рэктар Львоўскай брацкай школы, выкладаў лац. і грэч. мовы, у т.л. ў доме князя К.К.Астрожскага. З 1610 святар у Кіеве. З 1615 першы рэктар Богаяўленскай брацкай школы (пазней акадэмія). У 1618 стаў манахам у Кіеўскім Міхайлаўскім манастыры, яго ігумен з 1619. У 1620 канстанцінопальскі патрыярх без санкцыі ўлад пасвяціў І. ў сан мітрапаліта кіеўскага, што паклала пачатак аднаўленню ў Рэчы Паспалітай правасл. іерархіі, скасаванай пасля заключэння Берасцейскай уніі 1596. Актыўна змагаўся супраць пашырэння каталіцтва і уніі. Кароль Жыгімонт ІІІ абвясціў І. шпіёнам і бунтаўшчыком, але не мог зрабіць супраць І. рашучых крокаў, бо той знаходзіўся ў Кіеве пад аховай казакоў. І. паслаў у Маскву луцкага епіскапа Ісаакія прасіць прыняць Украіну ў маскоўскае падданства. Падтрымліваў кнігадрукара і асветніка С.Собаля, садзейнічаў пашырэнню пісьменнасці.Аўтар пасланняў, лістоў, прадмоў, перакладаў, палемічных твораў: «Дыялог пра праваслаўную веру» (Астрог, 1606), «Анфалагіён, або Выбраная мінея на ўвесь год» (Кіеў, 1619; пераклад з грэч. мовы, дапоўнены службамі рус. святым і іх кароткімі біяграфіямі), «Аполія Апалогіі М.Сматрыцкага» (Кіеў, 1628; накіравана супраць поглядаў Сматрыцкага на унію) і інш. Творы І. былі вядомы чытачам ВКЛ, яго дзейнасць адыграла пэўную ролю ў развіцці культуры ВКЛ.
Літаратура:
Голубев С.Т. Киевский митрополит Петр Могила и его сподвижники. Т. 1. Киев, 1883;
Возняк М. Письменницька діяльність Івана Борецького на Волині і у Львові. Львів, 1954.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


