Артыкулы: Ісайкоўскія (Далматы-Ісайкоўскія)

Ісайкоўскія, Далматы-Ісайкоўскія, шляхецкі род герба «Прус І». Паходзілі ад баярына Каркушкі, які ў 15 ст. валодаў маёнткам Чыгіры ў Кіеўскім пав. Ад імя яго сына Далмата ўтворана прозвішча Далматы, ад маёнтка Ісайкі ў Кіеўскім пав. — прозвішча І. На мяжы 16—17 ст. адна галіна роду перасялілася з Украіны ў ВКЛ. Вызнавалі праваслаўе, потым каталіцтва. Найб. вядомыя:

Дзмітрый Далматавіч (?—паміж 1596 і 1599), унук Каркушкі. Валодаў Чыгірамі і Ісайкамі (прадаў іх у 1593), Ялавічамі і інш. маёнткамі ў Луцкім пав. (пасаг яго жонкі княжны Марыі Крапоткі-Ялавіцкай).

Ян Дзмітрыевіч (?—да 4.4.1628), сын Дзмітрыя Далматавіча. Падключы віленскі з 1591, пісар скарбовы прыходавы ВКЛ у 1592—1625, ключнік і драўнічы віленскі з 1598, падкаморы ашмянскі з 1612, сурагатар Віленскага ваяв. з 1616. Набыў у князя А.Пронскага маёнтак Ваўкалата ў Ашмянскім пав., у 1624 фундаваў касцёл у мяст. Дунілавічы.

Кароль Пётр (?—27.5.1640), сын Яна Дзмітрыевіча. Ашмянскі падстолі з 1624 і войскі з 1628, лоўчы ВКЛ з 1637. Валодаў Ваўкалатай.

Францішак (1599—да 31.5.1654), сын Яна Дзмітрыевіча. Канонік віленскі з 1625, сакратар караля Уладзіслава IV, пісар скарбовы прыходавы ВКЛ у 1627—40, кусташ віленскі з 1632, рэгент вял. канцылярыі ВКЛ у 1641—49, біскуп смаленскі з 1649; пробашч трабскі з 1632, гарадзенскі з 1633, троцкі, геранёнскі і віленскі з 1643. У 1634 заснаваў у в. Свіслач (цяпер Літвінкі) каля Гародні драўляны касцёл езуітаў.

Мікалай (?—паміж 28.5.1665 і 2.4.1667), сын Яна Дзмітрыевіча. Каралеўскі дваранін, стольнік упіцкі з 1634, лоўчы ВКЛ з 1640. Меў маёнткі ў Ашмянскім і Гарадзенскім пав.

Ян (?—1659), сын Мікалая. Каралеўскі дваранін, кашталян смаленскі ў 1659. Валодаў Індурай у Гарадзенскім пав., Кайранамі ў Віленскім ваяв. і інш.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.