Артыкулы: Алькенікі

Алькенікі / Ваўкінікі (літ. Валькінінкай, Valkіninkai, цяпер мястэчка ў Варэнскім раёне, Літоўская Рэспубліка) — мястэчка ў Троцкім павеце, на р. Мерачанка (Мяркіс).

Вядомы з пачатка 15 ст. У 1418 вкл Вітаўт падараваў А. разам з іншымі маёнткамі сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай, у 1428 пацвердзіў наданне. А. былі дзяржаўным уладаннем, з 1503 упамінаюцца як цэнтр воласці, якая звычайна давалася ў трыманне намеснікам (дзяржаўцам), пасля былі цэнтрам нягродавага стараства. У 16 ст. у А. быў велікакняжацкі двор. Вялікая княгіня Бона заснавала касцёл, які дадаткова быў забяспечаны Стафанам Баторыем (1581—1582) і Жыгімонтам ІІІ (1602). З 1551 у А. вядома дзяржаўная пушкарня, якая дзейнічала да сярэдзіны 17 ст. У пачатку 17 ст. у А. было 136 дымоў, да 1000 жыхароў, упамінаецца Руская вуліца, што сведчыць, відаць, аб наяўнасці праваслаўнага насельніцтва. У 1636 мечнік ВКЛ М.К.Халецкі заснаваў кляштар францысканцаў, дзе з 1765 захоўваліся рэліквіі св. Баніфацыя. Мястэчка моцна пацярпела ў сярэдзіне 17 ст., у час войнаў з Расіяй і Швецыяй. Непадалёк ад А. адбылася Алькеніцкая бітва 1700. 22.11.1700 канфедэрацыя шляхты ў А. прыняла рашэнне пра сваё падпарадкаванне М.С.Вішнявецкаму, які быў абвешчаны генеральным палкоўнікам ВКЛ. У час Паўночнай вайны 1700—1721 пад А. 22.2.1706 адбыўся бой паміж войскам шведскага палкоўніка Дукера і яго саюзнікаў з ВКЛ, з аднаго боку, і расійскай дывізіяй Боўра і яго саюзнікаў, з другога. З 1777 вядома парафіяльная школа. У 1789 было 112 дымоў. 26.6.1792 А. атрымалі магдэбургскае права і герб з выяваю жоўтага льва на чырвоным фоне . Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі.

Падрабязнасці:

Žilėnas V. Šaunamųjų ginklų kalykla Valkininkuose XVI a. // Iš Lietuvių kultūros istorijos. I. Vilnius, 1958. P. 228—233, pav.

Miškinis Algimantas. Lietuvos urbanistikos paveldas ir jo vertybės. II tomas. Rytų Lietuvos miestai ir miesteliai. I knyga. Vilnius: Savastis, 2002. 555 p., pav.

Račiūnaitė Tojana. Šv. Bonifaco kankinio relikvijos Valkininkų bažnyčioje // Menotyra. 2004. Nr. 2 (35). P. 36—45, pav.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.