Артыкулы: Аляксей / Алексій
Аляксей / Алексій (свецкае Сімяон або Еляўферый) (каля 1293, Масква—12.2.1378) — дзеяч праваслаўнай царквы, мітрапаліт кіеўскі і ўсёй Русі з 1354.
Нарадзіўся ў сям’і «літоўскага» баярына Фёдара Бяконта, выхадца з Чарнігава. У маладосці прыняў манаства ў Маскоўскім Богаяўленскім манастыры. Атрымаў добрую кніжную адукацыю. Прыкладна з 1333 быў пры двары мітрапаліта Феагноста. З пачатка праўлення вялікага князя маскоўскага Сімяона Гордага (1340) быў мітрапаліцкім намеснікам, лічыўся пераемнікам мітрапаліта. З 1352 епіскап уладзімірскі. У 1354 у Канстанцінопалі пастаўлены на пасаду мітрапаліта кіеўскага і ўсёй Русі. Аднак у Кіеве асталяваўся стаўленік вялікага князя літоўскага Альгерда (?) мітрапаліт Феадарыт. Канстанцінопальскі патрыярх прыняў рашэнне аб пераносе кафедры Аляксея з Кіева ва Уладзімір з захаваннем за ім тытула мітрапаліта кіеўскага. На мяжы 1354—1355 мітрапаліцкую кафедру ў Кіеве заняў новы стаўленнік Альгерда Раман. Паміж двума мітрапалітамі кіеўскімі разгарнулася барацьба за царкоўную ўладу над усемі рускімі землямі. Прыкладна ў 1355—1356 Аляксей зноў ездзіў у Канстанцінопаль для зацвярджэння межаў сваёй юрысдыкцыі. Аднак амаль усе беларускія і ўкраінскія землі засталіся пад царкоўнай уладай Рамана, хоць Кіеў фармальна перадаваўся пад юрысдыкцыю Аляксея. Ездзіў у Арду, дзе дамогся прывілееў на карысць царквы. Пасля смерці вялікага князя маскоўскага Івана ІІ Іванавіча (1359) Аляксей стаў рэгентам пры малалетнім вялікім князю Дзмітрыю. У пачатку 1359 Аляксей зрабіў спробу ўмацавацца ў Кіеве, але быў там зняволены і абрабаваны па загаду Альгерда, але здолеў уцячы. Мітрапаліт Раман у адказ з’явіўся ў Цвяры, якая фармальна падпадала пад юрысдыкцыю Аляксей. У 1361 канстанцінопальскі патрыярх яшчэ раз размежаваў сферы юрысдыкцыі Аляксей і Рамана, тытул мітрапаліта ўсёй Русі быў пакінуты за Аляксеем. Пасля смерці Рамана ў 1362 новы мітрапаліт у ВКЛ пастаўлены не быў, і Аляксей фармальна ахапіў сваёй духоўнай уладай усе рускія землі. У 1362 Аляксей наведаў ВКЛ і дасягнуў пэўнага паразумення з Альгердам; паставіў епіскапа ў Бранск, які ўваходзіў у склад ВКЛ. У 1363 Аляксей хрысціў у Цвяры дачку Альгерда, якую прывезла яе бабка Настасся, удава цвярскога князя Аляксандра Міхайлавіча. Аляксей падтрымліваў палітыку вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя на падпарадкаванне Цверскага княства, што ярка праявілася ў час вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1368—1372. У 1370 Аляксей адлучыў ад царквы саюзнікаў Альгерда — смаленскага князя Святаслава Іванавіча, цвярскога князя Міхаіла Аляксандравіча і іншых, якія выступілі супраць вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча. У 1371 Альгерд запатрабаваў ад Канстанцінопаля асобнага мітрапаліта для ВКЛ і саюзных князёў — навасільскага, цверскага і ніжагародскага, абвінаваціўшы Аляксея ў тым, што той не наведвае ВКЛ. Патрыярх Філафей паставіў галіцкага мітрапаліта для рускіх земель у складзе Польскага каралеўства, а Аляксея заклікаў наведваць Кіеў і ВКЛ, каб выконваць там пастырскія абавязкі. З-за таго, што Аляксей так і не зрабіў гэтага, мітрапалітам у ВКЛ у 1376 быў пастаўлены Кіпрыян, які пасля смерці Аляксея меў атрымаць духоўную ўладу над усёй Руссю. Увогуле, уся дзейнасць Аляксея як царкоўнага і палітычнага дзеяча, дыпламата была прасякнута ідэяй узвышэння ролі Масквы, што не дазволіла маскоўскаму мітрапаліту сапраўды стаць рэлігійным галавой усяго праваслаўнага рускага насельніцтва. У 1448 Аляксей быў абвешчаны Рускай праваслаўнай царквой святым. Неўзабаве жыціі Аляксея з’явіліся ў ВКЛ, яго шанавала і ўніяцкая царква Рэчы Паспалітай у 17—18 ст.
Падрабязнасці:
Лихачев Н.П. Два митрополита // Сб. статей в честь Д.Ф.Кобеко. СПб., 1913.
Meyendorff John. Alexis and Roman: A Stady in Byzantino-Russian Relations (1352—1354) // Byzantinoslavica. 1967. Ročnik XXVII. 2. P. 278—288.
Кричевский Борис. Митрополичья власть в средневековой Руси (XIV век). СПб.: Искусство—СПБ, 2003. 263 с., ил.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


