Артыкулы: Анікшты
Анікшты (літ. Анікшчай, Anykščiai, цяпер горад, цэнтр Анікшчайскага раёна, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Вількамірскім павеце (у 16 і 18 ст. — цэнтр Анікштынскага павета), у сутоках рэк Святая (Швянтойі) і Анікшта. Вядомы з 1440 як велікакняжацкі двор, які быў перададзены ў трыманне Радзівілу Осцікавічу. У 1503 аддадзены вял. княгіне літоўскай Алене Іванаўне, якая заснавала ў А. царкву (вядома з 1529). Пасля А. трымаў М.Кезгайла, з 1520 — Ю.Осцікавіч, у 2-й пал. 16 ст. — Астравіцкія, у 17 ст. — Глябовічы, у 18 ст. — Сапегі, Зібергі. З 1514 упаминаюцца як мястэчка (горад), цэнтр сталовага каралеўскага маёнтка, пасля цэнтр нягродавага стараства. У 1514 вял. князь Жыгімонт Стары фундаваў касцёл св. Мацея, які згарэў у 1566, пасля адбудаваны. У 1625, у час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, А. былі спустошаны шведскімі войскамі. А. пацярпелі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1700—21. У 1765 у А. быў 101 дым, каля 700 жыхароў; у 1773 — 112 дымоў; у 1780 — 211 пляцаў (з іх 52 пустых), каля 1000 жыхароў. Да 1775 у А. (разам з Вількамірам) адбываліся пасяджэнні земскага суда Вількамірскага павета. 17.1.1792 А. атрымалі магдэбургскае права і герб з выявай св. Яна Непамука на мосце цераз р. Святая. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі.
Літаратура:
Итомлинский А., Гуковский К. Местечко Оникшты: (Опыт историко-статистического описания) // Памятная книжка Ковенской губернии на 1901 год. Ковна, 1900;
Anikščiai: Istorijoje, literatūroje, atsiminimuose. Vilnius, 1992;
Miškinis A. Lietuvos urbanistikos paveldas ir jo vertybės. Т. 2, kn. 2. Vilnius, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


