Артыкулы: Анталептаўскі кляштар кармелітаў босых
Анталептаўскі кляштар кармелітаў босых. Заснаваны ў мяст. Анталепты Вількамірскага пав. (цяпер в. Анталептэ Зарасайскага р-на, Літоўская Рэспубліка) уладальнікам мястэчка кашталянам інфлянцкім Янам Міхалам Струцінскім з сынам Юзафам у 1734—38. Мураваны касцёл Св. Крыжа (асвечаны ў 1763) — храм зальнага тыпу ў стылі позняга барока. Асноўны аб'ём прамавугольны ў плане, да яго прымыкае больш нізкі прэсбітэрый з 3-граннай алтарнай апсідай, да якой, у сваю чаргу, па галоўвай восі далучаецца прамавугольная яшчэ ніжэйшая сакрысція, так што храм моцна выцягнуты ў даўжыню. На галоўным фасадзе дзве 4-ярусныя вежы, паміж якімі фігурны франтон. Над прэсбітэрыем на 2-м паверсе ўладкавана капліца, у якую вядуць сходы. Пад касцёлам прасторная крыпта, якая масіўнымі слупамі падзяляецца на 3 нефы. Мураваны 2-павяховы жылы корпус каля касцёла пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. Пасля паўстання 1830—31 кляштар зачынены, касцёл у 1846—50 перароблены пад царкву, з 1918 зноў касцёл.
Літаратура:
Lietuvos architektūros istorija. Vilnius, 1994. T. 2. P. 139—140.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


