Артыкулы: Лапацінскі Юзаф Леан Пётр
Лапацінскі Юзаф Леан Пётр (да 10.3.1751, в. Лявонпаль, Полацкае ваяв.—22.4.1803) — дзеяч каталіцкай царквы.
З роду Лапацінскіх. Бацька: Мікалай Тадэвуш Лапацінскі (1715—1778), вялікі пісар ВКЛ, ваявода берасцейскі. Маці: Барбара з Копцяў (1726—1799).
З маладосці быў прызначаны ў духоўны стан. Вучыўся ў Вільні, у 1773—1775 у Рыме (падарожжа апісаў у рукапісным дзённіку). У Рыме закупіў шмат карцін, гравюры, скульптуры, мастацкую мэблю. У рымскай майстэрні Францішка Смуглевіча заказаў акварэльны партрэт свайго дзядзькі, жамойцкага біскупа Яна Дамініка Лапацінскага, алейны абраз «Святы Пётр у кайданах», а ў гравёрнай майстэрні — гравюры з выявамі біскупа і Шыдлаўскага абраза Маці Божай. Канонік жамойцкі з 1765, каад’ютар схаластык віленскі з 1769, суфраган жамойцкі ў 1776—1786 (тытулярны біскуп трыпалітанскі), пралат кусташ віленскі з 1786. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) не прыняў прапанову расійскіх уладаў узначаліць Беларускае біскупства, якое было аддадзена ў кіраванне Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.
Ордэны: св. Станіслава (1784), Белага Арла (1792).
Памёр у Сар’і, пахаваны ў Росіцы.
Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігі Масільёна «Набожнае чытанне на кожны дзень месяца» («Czytania pobożne na każdy dzień miesiąca», Вільня, 1772), «Прамовы ксяндза Масільёна, біскупа клермонцкага» («Mowy Xiędza M. Massilona Biskupa de Clermont», т. 1—2, Варшава, Вільня, 1772—73).
Падрабязнасці:
Żychliński Tadewusz. Złota księga szlachty polskiej. W Poznaniu, 1882. R. 4. S. 155.
Prószyńska Zuzanna. Kanonika żmudzkiego, Józefa L. Łopacińskiego expensa na obrazy i sztychy podczas rzymskiej podróży w latach 1773—1775 // Roczniki Humanistyczne. 1999. T. XLVII. Z. 4. Zeszyt specjalny. S. 253—266. il.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


