Артыкулы: Ласкарыс Ежы Геранім Марыя Войцех
Ласкарыс Ежы Геранім Марыя Войцех (1706, г. Верона, Італія—1795), дзеяч каталіцкай царквы. З арыстакратычнага грэчаскага роду, што перасяліўся ў Венецыянскую рэспубліку. Вучыўся ў Рыме, уступіў там у ордэн тэатынаў, служыў у папскай канцылярыі. З 1738 прэфект кляштара тэатынаў у Львове. Перайшоў на службу да нясвіжскіх Радзівілаў. У 1741 дзякуючы Міхалу Казіміру Радзівілу Рыбаньке прызначаны пробашчам у Алыцы на Валыні і атрымаў тытул біскупа зенапалітанскага. У 1746 рэфармаваў Замойскую акадэмію, ператварыўшы яе ў вышэйшую навучальную ўстанову. Устанавіў у ёй факультэты тэалогіі, права, медыцыны і філасофіі, а таксама падрыхтоўчыя класы. З 1748 абат у Жоўкве, канонік львоўскі. Выступаў за прыняцце уніяцкай царквой рытуалаў рымска-каталіцкага касцёла. Дамогся ад рымскага папы Бенядыкта XIV выдання ў 1751 энцыклікі, згодна з якой каталіцкім святарам дазвалялася адпраўляць імшу ва уніяцкіх цэрквах, дзе не было асвячоных алтароў. У 1754 атрымаў тытул архіепіскапа феадасійскага, у 1762 — патрыярха александрыйскага, потым — іерусалімскага. Быў дакладчыкам папы і экспертам па справах Рэчы Паспалітай у Рыме. Заклікаў рымскую курыю да асцярожнасці ў падтрымцы Барскай канфедэрацыі. Разам з Л. У ВКЛ прыбыў яго пляменнік Тэадор Ласкарыс (?—1785), з 1781 генерал-маёр арміі ВКЛ.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


