Артыкулы: Латэрна Марцін
Латэрна Марцін (каля 1552, г. Дарагабыч на Украіне—30.9.1598), дзеяч каталіцкай царквы. Сын шаўца. У 1566—70 вучыўся ў Калішы. У 1570 уступіў у Браневе ў ордэн езуітаў. У 1571—75 вывучаў у Вільні філасофію і тэалогію. Праф. сінтаксіса, паэтыкі і рыторыкі ў Браневе (1575—78), прэфект гуманістычных прадметаў і праф. рыторыкі ў Вільні (1578—79). З 1579 ксёндз, вайсковы капелан вял. кароннага гетмана Мікалая Мялецкага ў часе Інфлянцкай вайны 1558—82, удзельнічаў у Полацкай кампаніі 1579. З 1579 каралеўскі прапаведнік і спавядальнік пры двары Стафана Баторыя. Трымаўся па-за палітыкай, але праводзіў актыўную контррэфармацыйную дзейнасць. Садзейнічаў пераходу ў 1586 падканцлера ВКЛ Льва Сапегі на каталіцтва. Суправаджаў Стафана Баторыя ў час ваенных дзеянняў з Масквой. Пасля заключэння Ям-Запольскага перамір’я 1582 выехаў з каралём у Рыгу, дзе ўдзельнічаў у нарадзе па рэлігійным уладкаванні Інфлянтаў у складзе Рэчы Паспалітай. У 1582—86 займаўся пісьменніцкай і навуковай дзейнасцю. Па прапанове караля напісаў кнігу «Еўхарысція» («Eucharystia»), прызначаную для венграў (лёс рукапісу невядомы). Выдаў кнігу для богаслужэння «Духоўная арфа» («Harfaduchowna», Кракаў, 1585; шмат разоў перавыдавалася). У 1586 ездзіў у Рым, дзе прынёс урачыстыя манаскія зарокі, пасля ў Віленскай акадэміі атрымаў ступені магістра філасофіі і д-ра тэалогіі. З 1587 прапаведнік у кракаўскім касцёле св. Барбары, з 1591 суперыёр у Львове, дарадчык і тэолаг львоўскага арцыбіскупа Дзімітрыя Салікоўскага. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і заключэнні Берасцейскай уніі 1596. У 1595 пачаў рыхтаваць «Пасцілу», аднак яна не была ўхвалена кіраўніцтвам ордэна езуітаў. У 1598 Л. замяніў Пятра Скаргу на пасадзе каралеўскага прапаведніка ў час паездкі Жыгімонта ІІІ у Швецыю. Там цяжка захварэў і адплыў у Польшчу. Карабель, на якім знаходзіўся Л., быў затрыманы прыхільнікамі Карла Зудэрманскага. Пасля катаванняў Л. быў скінуты ў мора. Яго шанавалі як пакутніка, але афіцыйна Л. не кананізаваны.а
Літаратура:
Kolula K. Ksęndz Marcin Laterna T.J. kapelan obozowy — męczennik za wiarę. Warszawa, 1938;
Cieślak S. Marcin Laterna SJ (1552—1598) działaczkontrreformacyjny. Kraków, 2003;
Яго ж. Batory i Marcin Laterna: Z problematyki kulturalno-religijnej Wielkiego Księstwa Litewskiego // Kultura i języki Wielkiego Księstwa Litewskiego. Kraków, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


