Артыкулы: Антоній Вінніцкі
Антоній Вінніцкі (?—26.11.1679), дзеяч праваслаўнай царквы. У 1650 атрымаў прывілей ад караля Яна ІІ Казіміра на Перамышльскую епархію. Пры падтрымцы правасл. шляхты і кліра адабраў уладанні кафедры ва уніяцкага епіскапа Афанасія Крупянецкага. У 1651 кароль перадаў перамышльскую кафедру уніяту епіскапу Пракопу Хмялёўскаму, але А. не дапусціў яго, як і яго пераемніка Антонія Цярлецкага, да кафедры. Пасля смерці кіеўскага мітрапаліта Дыянісія Балабана (1663) А. быў адным з прэтэндэнтаў на вакантную пасаду. Царкоўны сабор ў Корсуні ў 1663 абраў мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі Іосіфа IV Нелюбовіча-Тукальскага, хутка пасля іншы сабор абраў мітрапалітам А. Абодва прэтэндэнты атрымалі ў 1663 ад караля пацвярджальныя прывілеі, але рэальную ўладу ў мітраполіі здолеў праз пэўны час здабыць Іосіф. А. прызнавалі законным мітрапалітам на Валыні, у Перамышьскай зямлі, на Холмшчыне, аднак ён не дамогся пацявярджэння тытула ад усходніх патрыярхаў. Пасля смерці ў 1666 львоўскага епіскапа Афанасія Жэліборскага А. стаў адміністратарам Львоўскай епархіі. У 1666—67 кіраваў мітраполіяй, калі мітрапаліт Іосіф быў зняволены ў Мальбарку. У 1667 Ян Казімір ануляваў прывілей, выдадзены Іосіфу, і прызнаў А. адзіным законным мітрапалітам кіеўскім. Аднак большацсь праваслаўных працягвала падапарадкоўвацца Іосіфу, які паставіў епіскапам львоўскім Іосіфа Шумлянскага, адхіліўшы А. Да 1671 А. працягваў дамагацца львоўскай кафедры, абапіраючыся на Львоўскае брацтва. У 1670 у Львоў быў прызначаны уніят епіскап Іаан Малахоўскі, але А. не дапусціў яго да кафедры. На сойме 1676 А. дамагаўся прызнання яго мітрапалітам пасля смерці Іосіфа, пры гэтым шукаў падтрымкі рас. рэзідэнта ў Варшаве Цяпкіна. Аднак кароль Ян ІІІ Сабескі перадаў кіраванне мітраполіяй епіскапу Іосіфу Шумлянскаму. У 1678 дамогся прызнання сваіх правоў. Удзельнічаў у перагаворах аб злучэнні каталіцкай і правасл. цэркваў, але захаваў вернасць праваслаўю. На сойме 1679 прасіў рас. паслоў супрадзейнічаць распаўсюджанню уніі.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


