Артыкулы: Лашч (Łaszcz) Марцiн
Лашч (Łaszcz) Марцiн (11.11.1551, г. Калiш, Польшча—24.5.1616), дзеяч каталіцкай царквы, палемiст, iдэолаг контррэфармацыi. Вучыўся ў езуiцкiм калегiуме ў Пултуску, дзе ў 1570 уступiў у ордэн езуiтаў, пасля ў Браневе. У 1571—74 вывучаў фiласофiю ў Вiленскiм езуiцкiм калегiуме. Займаў духоўныя i адм. пасады ў Пултуску, Познанi, Люблiне. З 1593 прапаведнiк у Вiльнi, дзе выдаў шэраг палемiчных твораў на польскай мове. Супраць дзеячаў Рэфармацыi Войцеха з Калiша, М.Чаховiца, Я.Немаеўскага накiравана яго кнiга «Юдыцыюм або розум...» («Judicium albo rozsądek…», Вільня, 1594), падпiсаная псеўданiмам «Мiкалай Iсiёра, ашмянскi пробашч». Твор Л. «Акуляры на люстэрка хрысцiянскага набажэнства ў Польшчы...» («Okulary na zwierciadło nabożeństwa chrześcijańskiego w Polsce…», Вільня, 1594, 2 выд. Кракаў, 1597) надрукавана пад псеўданiмам Марцiн Тварыдла) скiравана супраць кнiгi Б.Ш.Турноўскага «Люстэрка хрысцiянскага набажэнства...» (Вiльня, 1594), у якой выкладалiся погляды плынi «чэшскiх братоў». Палеміку працягнуў у кн. «Другія акуляры на цёмныя і сляпыя вочы міністраў…» («Okulary wtóre na ciemne i ślepe oczy ministrów…», Вільня, 1605). Пад псеўданiмам М.Тварыдла выдаў твор «Евангельская вячэра» («Wieczerza ewangelicka», Вільня, 1594). З 1595 Л. жыў у Кракаве, Торунi, Познанi, Львове. Шматлiкiя палемiчныя творы Л. атрымалi шырокую вядомасць дзякуючы яркай вобразнай мове, якая часам пераходзiла ў лаянку, аднак iм не хапала грунтоўнай аргументацыi.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


