Артыкулы: Ленек Мацей

Ленек Мацей (каля 1545—да 19.5.1611), ваенны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З шляхецкага роду герба «Равіч» з Раўскага павета. У маладосці быў каралеўскім дваранінам. У 1577 удзельнічаў у аблозе Гданьска, які адмовіўся прызнаваць Стафана Баторыя каралём. З 1580 ротмістр, удзельнічаў у заключных ваенных дзеяннях Інфлянцкай вайны 1558—82: Вялікалуцкай (1580) і Пскоўскай (1581—82) кампаніях. Пасля заключэння Ям-Запольскага перамір’я 1582 удзельнічаў у прыняцці замкаў Вольмар, Румбарк, Трыкат, Гавія. З 1582 камендант замкаў Оберпален, Навагрудак Інфлянцкі. З 1583 стараста Навагрудка Інфлянцкага на маскоўскай граніцы, пільнаваў мяжу. З 1589 стараста ікскюльскі і кірхгольмскі, у 1590 паборца падаткаў у Кесі, у 1595 шафар падаткаў у Інфлянтах. Дзякуючы падтрымцы Льва Сапегі (Л. быў жанаты з яго сястрой Фядорай) у 1599 прызначаны кашталянам дорпацкім. У пачатковым перыядзе вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 камандаваў кавалерыяй Рэчы Паспалітай, быў намеснікам гетмана Ежы Фарэнсбаха. За атрыманыя перамогі ў 1601 прызначаны старастам рыжскім. У 1602 з-за праблем са здароўем пакінуў вайсковую службу. Апошнія гады правёў у Раўскім пав., сойм 1607 прызначыў яго люстратарам для Мазовіі і Падляшша. У час Зэбжыдоўскага рокашу 1606—09 стаў на баку караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы. Памёр пад Смаленскам у час пахода войска Рэчы Паспалітай.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.