Артыкулы: «Антырызіс»

«Антырызіс» («Антирризис, альбо Апология против Христофора Филялета»), ананімны твор палемічнай літаратуры. Напісаны ў адказ на твор Хрыстафора Філалета (М.Бранеўскага) «Апакрысіс». Мяркуецца, што аўтар «А.» — Іпацій Пацей, якому дапамагаў П.Аркудзій. Кніга выдадзена ў друкарні Мамонічаў у Вільні не раней за 22.3.1599 на старабел. мове, у 1600 — у друкарні Д.Ланчыцкага на польскай мове. Вялізны твор, дзе падрабязна разглядаецца гісторыя заключэння уній паміж каталіцкай і правасл. цэркавамі ў XV—XVI ст., цытуецца шмат гіст. дакументаў, твораў айцоў царквы, лац. і грэчаскіх пісьменнікаў. Прыводзяцца лісты К.Астрожскага 1593, Іпація Пацея 1595, інструкцыя Лушкоўскаму на Тарунскі сінод, лісты Жыгімонта ІІІ, царкоўныя прывілеі Уладзіслава ІІІ 1443, Аляксандра 1504, Жыгімонта І 1543, ліст Іпація Пацея да Астрожскага дапамагчы справе уніі 1598, адказ на яго Клірыка Астрожскага і водпаведзь Іпація Пацея. Твор пабудаваны як дыялог: спачатку прыводзіцца цытата з кнігі «Апакрысіс», азагалоўленая «Філялет», потым даецца на яе водпаведзь, азагалоўленая «Отказ». Аўтары «А.» абвінавачваюць «Апакрысіс» у нападках на рымскага папу, падрыў дзярж. улады Рэчы Паспалітай, у прэтэнзіях простых людзей на права судзіць духоўных іерархаў, у безбожнасці і ерасі. Аўтары «А.» прадэманстравалі добрае веданне царкоўнай і свецкай літаратуры, уменне весці палеміку на навукова-лагічным і бытавым узроўні.

Публікацыі:

Русская историческая библиотека. СПб., 1903. Т. 19. С. 477—1122.

Літаратура:

Студинський К. Хто був автором «Антиррезiса» з р. 1599? // Записки Навукового товариства імени Шевченка. 1900. Т. 35—36. Кн. 3—4;

Анушкин Л. Во славном месте виленском: Очерки из истории книгопечатания. М., 1962. С. 122—126;

Гусева А.А. Издания кирилловского шрифта второй половины XVI века: Сводный каталог. М., 2003. Кн. 2. С. 1088—1089.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.