Артыкулы: Літоўская праваслаўная мітраполія

Літоўская праваслаўная мітраполія, адм.-тэр. адзінка праваслаўнай царквы. Візантыйскія крыніцы паведамляюць, што Л.п.м. заснавана пры імператару Андроніку ІІ Палеалогу Старэйшым (1282—1328) і патрыярху Іаане ХІІІ Гліке (1315—20). У 1317, 1327 і 1329 літ. мітрапаліт прысутнічаў у Канстанцінопалі на пасяджэннях патрыяршага сінода (крыніца 1329 называе яго імя — Феафіл). Відаць, ініцыятарам стварэння Л.п.м. быў вял. кн. Гедзімін, які імкнуўся да незалежнасці ад духоўнай улады Кіеўскай (фактычны цэнтр — Масква) і Галіцкай мітраполій. Даючы згоду на стварэнне Л.п.м. Візантыя разлічвала на правасл. хрышчэнне язычніцкай Літвы. Некаторыя вучоныя мяркуюць, што яна ахоплівала ўласна літ. землі і Верхняе Панямонне, іншыя лічаць, што ў яе складзе былі Полацкая праваслаўная епархія і Тураўская праваслаўная епархія. Мяркуецца, што кафедра мітрапаліта была ў Новагародку, хоць прамых сведчанняў пра гэта няма. Л.п.м. скасавана пасля смерці Феафіла (1330?), відаць, па ініцыятыве кіеўскага мітрапаліта Феагноста, як паведамляе візантыйскі дакумент, «часткова з-за таго, што ў Літве хрысціян вельмі мала, часткова з-за таго, што гэты народ, па суседстве з Руссю, зручна можа быць кіраваны рускім мітрапалітам».

Л.п.м. адноўлена па ініцыятыве вял. кн. Альгерда, які, валодаючы Кіевам, патрабаваў ад Візантыі зацвердзіць свайго кандыдата на пасаду мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі. Аднак у 1354 кандыдат Альгерда Раман (сваяк жонкі вял. князя) атрымаў прызначэнне толькі на пасаду мітрапаліта літоўскага з падначаленнем яму Полацкай і Тураўскай епархій (кафедра ў Новагародку). На далейшыя патрабаванні Рамана ў 1355 яму падначалены епіскапіі Малой Русі (відаць, гэта былі Уладзімірская, Луцкая і Холмская епархіі). З ваеннай дапамогай Альгерда Раман падначаліў сваёй уладзе Кіеў, Бранскую епархію, прэтэндаваў на Цвярскую. Пасля яго смерці (1362) канстанцінопальскі патрыярх у 1364 склаў акт аб скасаванні Л.п.м. і далучэнні яе епархій да Кіеўскай мітраполіі, аднак не выдаў яго з-за боязі абвастрыць адносіны з Альгердам. У 1371 Альгерд патрабаваў ад патрыярха прызначыць новага мітрапаліта ў ВКЛ. Для разбору яго прэтэнзій у ВКЛ пасланы Кіпрыян, які ў 1375 пастаўлены мітрапалітам «кіеўскім, рускім і літоўскім» з тым, каб пасля смерці кіеўскага (фактычна маскоўскага) мітрапаліта Алексія прыняў пад сваю ўладу і яго епархіі. Аднак у 1380 патрыяршы сабор прызначыў мітрапалітам «кіеўскім і Вялікай Русі» Пімена, а Кіпрыяну пакінуты тытул мітрапаліта «Малой Русі і Літвы». У 1381—82 Кіпрыян кіраваў абедзвюма мітраполіямі, а ў 1389 атрымаў тытул мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі. Пасля яго смерці (1406) вял. кн. Вітаўт прасіў канстанцінопальскага патрыярха пасвяціць на мітрапаліта кіеўскага і літоўскага Феадосія, епіскапа полацкага, але атрымаў адмову; мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі быў пастаўлены Фоцій (1408). Незадаволены яго дзейнасцю ў ВКЛ, Вітаўт у 1415 склікаў сабор у Новагародку, дзе епіскапы ВКЛ абралі новага мітрапаліта кіеўскага і літоўскага — Грыгорыя Цамблака. Правасл. царква ВКЛ стала фактычна аўтакефальнай, у склад Л.п.м. ўвайшлі Полацкая, Тураўская, Смаленская, Чарнігаўская, Луцкая, Уладзімірская, Холмская, Галіцкая і Перамышльская епархіі. Фоцій і канстанцінопальскі патрыярх Іосіф ІІ абвясцілі адлучэнне Грыгорыя ад царквы, але ў ВКЛ ён лічыўся законным мітрапалітам да самай смерці (1419 або 1420). Грыгорый перанёс кафедру мітрапалітаў ВКЛ з Кіева ў Новагародак. Відаць, толькі ў ВКЛ меў рэальную ўладу мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Герасім (1432—35).

Мітраполія была адноўлена як уніяцкая з прызначэннем у 1458 Грыгорыя Балгарына мітрапалітам «кіеўскім, літоўскім і ўсёй Ніжняй Русі». Пад яго ўладай былі Полацкая, Тураўская, Смаленская, Бранская (Чарнігаўская), Уладзімірская, Луцкая, Холмская, Галіцкая і Перамышльская епархіі, а кафедра знаходзілася ў Новагародку. З адмовай у 1469 ад уніі і з прыняццем у 1472 тытула мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі Грыгорый стаў мітрапалітам самастойнай правасл. царквы ВКЛ. З таго часу Л.п.м. канчаткова стала называцца Кіеўскай мітраполіяй (гл. Кіеўская праваслаўная мітраполія).

Літаратура:

Павлов А.С. О начале Галицкой и Литовской митрополий и о первых тамошних митрополитах по византийским документальным источникам XIV века // Русское обозрение. 1894. № 5;

Шевченко И.И. Некоторые замечания о политике константинопольского патриархата по отношению к Восточной Европе в XIV в. // Славяне и их соседи. М., 1996. Вып. 6.

© Валерый Пазднякоў, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.