Артыкулы: Лопат (Лопат-Быкоўскі) Міхал
Лопат (Лопат-Быкоўскі) Міхал (да 1749—пасля 1800), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Станіслава, старасты бабруйскага, польнага стражніка ВКЛ. З 1769 стараста бабруйскі, Належаў па групоўкі надворнага падскарбія ВКЛ Антонія Тызенгаўза. У 1775 заснаваў родавую камандорыю Мальтыйскага ордэна на аснове маёнтка Горваль у Рэчыцкім павеце. У 1776—81 вял. абозны ВКЛ. Пасол на сойм 1776 ад Старадубскага пав., уваходзіў у склад соймавага суда. На сойм 1778 абраны ад Ваўкавыскага пав., выбраны ў склад Пастаяннай Рады (да 1780). У 1788—89 маршалак Трыбунала ВКЛ. Кавалер ордэнаў св. Станіслава (1778) і Белага Арла (1787). Прызнаў Канстытуцыю 3 мая 1791. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 ахвяраваў на ваенныя патрэбы 3 гарматкі. Пасля паражэння ў вайне актыўны дзеяч Таргавіцкай канфедэрацыі. Зблізіўся з яе кіраўнікамі Касакоўскімі. Удзельнічаў у Гарадзенскім сойме 1793 як пасол ад Новагародскага ваяв., увайшоў у склад дэпутацыі па падпісані падзельных трактатаў з Расіяй і Прусіяй. Па загаду рас. пасла Я.Сіверса Л. уключаны ў склад Пастаяннай Рады. У публічнай думцы пра Л. ўсталявалася думка як пра здардніка радзімы. У пач. 1794 атрымаў урад мечніка ВКЛ. Быў збіты на Новагародскім кантрактным кірмашы і быў вымушаны шукаць сховішча ў рас. салдат. Перад пачаткам паўстання 1794 Л. уцёк з краю, як мяркуецца, у Санкт-Пецярбург. Далейшы лёс не вядомы.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


