Артыкулы: «Апалагетыкус, гэта значыць абарона канфедэрацыі...»
«Апалагетыкус, гэта значыць абарона канфедэрацыі...» («Apologeticus, to jest obrona konfederacyjej...», рэлігійна-палемічная паэма. Выдадзена на польскай мове ў 1582, відаць, у Вільні. Складаецца з 2 частак: «Абарона канфедэрацыі» («Obrona konfederacyjej» і «Седыцыя, альбо бунт капланскі» («Sedycyja albo bunt kapłański»). Налічвае 1770 вершаў (без уліку ўступа і дадаткаў). Ананімны аўтар, прыхільнік Рэфармацыі (магчыма, лютэранін) рашучы выступае супраць папскай улады, каталіцкага касцёла, парушэнняў католікамі рэлігійных свабод, асуджае напады на пратэстантаў у Вільні і спаленне віленскім біскупам Ежы Радзівілам, натхнёным езуітамі, пратэстанцкіх кніг у 1581, абараняе асновы верацярпімасці ў Рэчы Паспалітай, устаноўленыя актам Варшаўскай канфедэрацыі 1573. У якаясці дадаткаў у кнізе змешчаны «Падяку роце рымскай ад роты пякельнай за іх верную працу і стараннасць, якія чыняць дзеля памнажэння царства сатанінскага», 2 урыўка з лац. трактата «Lavacrum consientiae» (1496), ліст караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя ў сувязі з віленскімі падзеямі 1581. Паэма мела значэнне ва ўмацаванні талеранцыі ў ВКЛ і садзейнічала ўключэнню акта Варшаўскай канфедэрацыі ў склад Статута ВКЛ 1588. Твор доўгі час не быў вядомы навукоўцам, упершыню звесткі пра яе надрукаваны ў 1924, перавыдадзены ў 1932. Аўтарам лічаць Вацлава Агрыпу або Станіслава Нінінскага.
Літаратура:
Bursche E. Nieznany poemat wileński o konfederacji warszawskiej // Reformacja w Polsce. Warszawa, 1924. T. 3;
Barycz H. Kto był autorem poematu «Apologeticus» z 1582 r.? // Reformacja w Polsce. Warszawa, 1934. T. 6;
Кавалёў С.В. Контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім: Па старонках паэмы «Апалагетык...» (1582) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1999. № 2.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


