Артыкулы: «Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў»
«Апісанне дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў» («Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов»), археаграфічнае выданне рэгестаў архіва уніяцкіх мітрапалітаў у Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Падрыхтавана Камісіяй па разборы і апісанні архіва Свяцейшага Сінода ў Пецярбургу, складальнік—С.Р.Рункевіч. Выдадзены 2 т. (1897—1907), якія ахопліваюць дакументы 1470—1700 і 1701—1839. У прадмовах Рункевіч ахарактарызаваў структуру, прынцыпы выдання і тэмы, якія асвятляюць дакументы архіва. У «Апісанні…» змешчаны храналагічны пералік дакументаў з указаннем іх датавання, мовы, аўтараў і адрасатаў з падрабязным або кароткім выкладам зместу (часам дакументы надрукаваны цалкам). У некат. выпадках адзначаны ступень захаванасці дакумента, наяўнасць пячатак, ранейшыя публікацыі. Сярод дакументаў лісты на падараванне правасл. і уніяцкім цэрквам і манастырам зямельных уладанняў, суд. справы адносна царк. уладанняў, пасланні правасл. і уніяцкіх іерархаў, лісты вял. князёў ВКЛ і польскіх каралёў да епіскапаў і мітрапалітаў, унутрыцаркоўная перапіска па адміністрацыйных і маёмасных справах, гасп. дакументы царк. уладанняў, царк. метрычныя кнігі. Дакументы архіва асвятляюць маёмасны і юрыд. стан правасл. і уніяцкіх цэркваў у Беларусі, Літве і Украіне ў канцы 15—1-й пал. 19 ст., падрыхтоўку і ажыццяўленне царк. уніі, палітыку рас. улад у дачыненні да уніяцкай царквы. Выданне забяспечана імянным, геагр. і прадметным паказальнікамі. Перад 1-й сусв. вайной Б.М.Жуковіч падрыхтаваў да выдання 3-і том «Апісання…» з пералікам і характарыстыкай інвентароў, люстрацый, візітацый, табеляў царк. уладанняў і рухомай маёмасці 1684—1824, а таксама з апісаннем зб-каў царк. дакументаў пераважна 18 ст., аднак том не быў надрукаваны. Выданне мае вял. значэнне для асвятлення царк. гісторыі Беларусі. Пералік дакументаў з архіва уніяцкіх мітрапалітаў (цяпер зберагаецца ў Рас. дзярж. гіст. архіве ў Пецярбургу), якія маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі і часткова ўвайшлі ў «Апісанне…», змешчаны ў выданні «Архіў уніяцкіх мітрапалітаў» (Мінск, 1999, вып. 1).
Літаратура:
Пятидесятилетие Высочайше утвержденной Комиссии по разбору и описанию Архива Святейшего Синода, 1865—1915: Ист. записка. Пг., 1915;
Марозава С.В. Архіў уніяцкіх мітрапалітаў (Санкт-Пецярбург) // Замежная архіўная беларусіка. Мн., 1998.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


