Артыкулы: Лянкевіч Адам Апалон
Лянкевіч Адам Апалон (каля 1710—да 6.2.1782), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду герба «Котвіч» (паходзіў з армянскага роду Іпагорскіх, якія ў 16 ст. аселі ў Мазырскім пав., пагэтаму род часам зваўся Лянкевічы-Іпагорскія). Быў сынам Тэафіла, пісара земскага мазырскага, соймавага пасла. Меў маёнткі ў Мазырскім і Кіеўскім пав., на Валыні. У 1741, будучы скарбнікам мазырскім, абраны з Мазырскага пав. дэпутатам Трыбунала ВКЛ, а ў 1746 і 1748 — паслом на соймы. У 1750 з пасады мазырскага чашніка перайшоў на пасаду падстолія. У 1758 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Разам з братам Тамашом быў прыхільнікам групоўкі Радзівілаў і згодна з іх інтарэсамі пільнаваў правядзенне мазырскіх соймікаў. У 1764 прызначаны соймам у камісію па вызначэнні межаў Гомельскага стараства. Абраны паслом на каранацыйны сойм 1764. У 1765 удзельнічаў у камісіі па размежаванні Мазырскага і Оўруцкага паветаў. Не ўдзельнічаў у Радамскай і Барскай канфедэрацыях. Гэта садзейнічала наданню яму каралём польскім і вял. князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім пасады пісара земскага мазырскага (1769). У 1771 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ, у 1773 — паслом на сойм, дзе вылучаны як паўнамоцны прадстаўнік у камісію для падпісання трактатаў з Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй пра 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Уваходзіў у склад шматлікіх соймавых камісій па розных пытаннях (межавых, па былых езуіцкіх і шляхецкіх маёнтках), абраны членам соймава суда на 1775—76.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


