Артыкулы: «лятучыя лісткі»

«лятучыя лісткі» (ням. Flugblatt), у 15—18 ст. еўрапейскія неперыядычныя друкаваныя выданні з навінамі ў выглядзе асобнага аркуша ці невялікай брашуры. Да з’яўлення ў 17 ст. перыядычных выданняў «Л.л.» былі галоўным сродкам распаўсюджання навін пераважна паліт. і ваеннага характару. Большасць лісткоў насіла аказіянальны характар і была прысвечана адной тэме. З’явіліся ў 15 ст. ў Італіі (Балоння, 1470). Буйнейшыя цэнтры выдання «Л.л.» — Венецыя, Нюрнберг, Аўгсбург. Лісткі выдаваліся на нямецкай, лац., чэшскай, італьянскай, англійскай, галандскай і інш. мовах, сярод «Л.л.» былі і цалкам вершаваныя. У Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст., паводле ацэначных дадзеных, выдадзена каля 1300 «Л.л.» (захавалася 645). Тыповыя назвы «Л.л.» Рэчы Паспалітай — «Навіны», «Апісанні», «Рэляцыі», «Дыярыушы», «Лісты», «Копіі», з канца 17 ст. — «Авізы», «Паведамленні». Наклад «Л.л.» дасягаў некалькіх соцень экземпляраў. Прадаваліся ў кніжных крамах, на кірмашах, царкоўных фэстах, на соймах, а таксама вандроўнымі гандлярамі. Падзеі ў ВКЛ асвятляліся ў «Л.л.» пачынаючы з Аршанскай бітвы 1514. Па вял. князя літоўскага і караля польскага і Жыгімонта І Старога ў краінах Зах. Еўропы выдадзена некалькі «Л.л.», прысвечаных бітве (захаваліся 4 лісткі). Даследчыкі ацэньваюць гэтыя выданні як пачатак прэсы Рэчы Паспалітай. У выдадзеным у Нюрнбергу лістку «Бітва караля Польшчы з Маскавітамі» («DieschlachtvondemkunigvonPolnmitdemMoscowiter») і аналігічным лістку, выдадзеным у Лейпцыгу, акрамя апісання бітвы змешчаны ўяўныя батальныя сцэны. Бітва на Альшаніцы 1527, дзе войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім перамагло крымскіх татараў, апісана Ёстам Людвікам Дэцыем у лістку, выдадзеным у Кракаве (на нямецкай мове). Шмат «Л.л.» прысвечана падзеям Інфлянцкай вайны 1558—82, асаблівая ўвага пры гэтым удзялялася захопу замкаў у Інфлянтах войскамі цара Івана IV. Вядомы 10 лісткоў, якія апавядаюць пра захоп Полацка ў 1563 (на нямецкай, лац., чэшскай і французскай мовах; лісток на бел. мове, быццам выдадзены ў Нясвіжы, з’яўляецца домыслам). Лісток «Праўдзівыя і жахлівыя звесткі пра лютага ворага Маскавіта» («WarrhafftigeunderschrecklicheZeitungvondemgrausamenFeinddemMoskowiter», Аўгсбург, 1563) змясціў і выяву штурму Полацка. Бітва на Уле 1654 апісана ў лісце Мікалая Радзівіла Рудога, пасланым да Мікалая Радзівіла Чорнага, у выглядзе «Л.л.» ў перакладзе на нямецкую мову ён выдадзены тройчы ў Нюрнбергу і Аўгсбургу. Паведамленні пра бітвы, заснаваныя на лісце Радзівіла Рудога, змешчана таксама ў 2 інш. нямецкіх «Л.л.». Вызваленне Полацка ў 1579 войскам караля польскага і вял. князя літоўскага Стафана Баторыя, а таксама захоп Вял. Лук у 1580 адзначаны ў «Л.л.» Рэчы Паспалітай, дзе змешчаны адпаведныя рэляцыі Баторыя (гэтыя лісткі неаднаразова перавыдаваліся ў Германіі і Чэхіі). Некаторыя лісткі надрукаваны ў перасоўнай друкарні ў абозе войска караля. У вершаваным лістку «Праўдзівае і пэўнае паведамленне пра тое, якім чынам яго міласць кароль польскі зноў аблажыў і заняў горад і замак Полацк у Літве» («WarhaffeContrafacturvndgewiseZeitung, welchermassendieKoeniglischeWirdeninPolndieStatvnnddassSchlossPolotzkoinLittawengelegen», Нюрнберг, 1579) змешчана дакументальная выява-план аблогі. Шмат «Л.л.» прысвечана падзеям вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, войнаў Расіі і Рэчы Паспалітай 1609—18, 1632—34 і 1654—67, у іх ліку «Навіны з Інфлянтаў пра шчаслівае паражэнні, якое пацярпеў Карл, князь Судэрманскі ад пана Яна Караля Хадкевіча» (пра Кірхгольмскую бітву 1606), «Пакуты жаўнераў абодвух народаў у сталіцы маскоўскай» (пра капітуляцыю войска Рэчы Паспалітай у Крамлі ў 1613), «Выправа цара маскоўскага са сталіцы на вайну супраць Літвы і палякаў» (пра пачатак вайны 1654—67), «Перамога над Масквой ад палякаў і літвы, у 1660 годзе атрыманая» (пра Палонкаўскую бітву 1660). Шмат лісткоў прысвечана перамозе над туркамі ў Венскай бітве 1683, падзеям Паўн. вайны 1700—21. Шырока асвятлялі «Л.л.» змены манархаў у Рэчы Паспалітай, каралеўскія шлюбы, пасольствы, пажары ў гарадах, мор. Пра нечуваны голад у ВКЛ у 1571 распавядаў аўгсбургскі «Л.л.». Некаторыя літскі паведамлялі пра незвычайных для зах.-еўрапейскага чытача звяроў, што вадзіліся ў ВКЛ — тураў і зуброў. Выданне «Л.л.» мела не толькі інфармацыйны, але і прапагандысцкі характар, садзейнічала пашырэнню ў Зах. Еўропе ведаў пра ВКЛ і Рэч Паспалітую, умацаванню іх знешнепаліт. пазіцый.

Літаратура:

Zawadzki K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI—XVIII wieku: Bibliografia. T. 1—3. Wrocław, 1977—90;

Яго ж. Prasa ulotna za Zygmunta III. Warszawa, 1997;

Яго ж. Początki prasy polskiej: Gazety ulotne i seryjne XVI—XVIII wieku. Warszawa, 2002;

Kappeler A. Die deutschen Flugschriften über die Moskowiter und Iwan den Schrecklichen im Rahmen der Russlandliteratur des 16. Jahrhunderts // Russen und Russland aus deutscher Sicht 9.—17. Jahrhundert. München, 1988;

Pirożyński J. Z dziejów obiegu informacji w Europie XVI wieku: Nowiny z Polski w kolekcji Jana Jakuba Wicka w Zurychu z lat 1560—1587. Kraków, 1995;

Белы А. Полацк у нямецкіх «лятучых лістках» XVI ст.: Інфлянцкая вайна на старонках першых еўрапейскіх газет // Спадчына. 1997. № 6;

Яго ж. Літоўская кунсткамера // Там жа. 1998. № 2;

Яго ж. «Страшны голад у краіне Русь і Літва...» // Там жа. № 5.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.