Артыкулы: Ляхавіцкі Уздвіжанскі касцёл
Ляхавіцкі Уздвіжанскі касцёл. Заснаваны ў мяст. Ляхавічы Новагародскага пав. у 1602 гетманам ВКЛ Янам Каралём Хадкевічам. Першапачаткова быў драўляны. Пасля пажару ў 1750 адбудаваны ў цэгле на сродкі Міхала Масальскага. Касцёл — трохнефавы безвежавы храм ў стылі позняга барока. Сярэдні неф быў вышэй за бакавыя, асвятляўся праз лучковыя вокны. Апсіда паўкруглая. У 1870 касцёл перароблены на царкву, пры гэтым на ўваходам узведзена драўляная вежа-званіца, а перад апсідай — барабан, завершаныя цыбулепадобнымі галоўкамі. У час пажару 1874 пацярпелі інтэр’еры, знішчаны іканастас. Храм узарваны ў 1960-я г.
Літаратура:
Габрусь Т.В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. Мн., 2001;
Чарановіч С. Ляхавіцкі касцёл Узвышэння Св. Крыжа // Наша вера. 2002. № 3.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


