Артыкулы: Ляхніцкі Антоні Дызмас

Ляхніцкі Антоні Дызмас (1756—5.11.1819), дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын вількамірскага стольніка Юзафа Ляхніцкага, брат Ігнація Рамана Ляхніцкага. У маладосці служыў у войску (у пяцігорскай брыгадзе). У 1778 прызначаны люстратарам гарадоў у Троцкім, Ковенскім і Гарадзенскім пав. у сувязі са скасаваннем магдэбургскага права ў малых гарадах ВКЛ. У 1785 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1786 каралеўскі шамбялян, вількамірскі абозны ў 1788—93, стольнік у 1793—94. У 1789 і 1790 абіраўся членам цывільна-вайсковай камісіі Вількамірскага пав. у 1791—94 пісар гродскі віленскі, у 1794 віцэ-прэзідэнт Вільні. У пач. 1794 абраны дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Віленскім актам паўстання 24.4.1794 прызначаны членам Найвышэйшай літоўскай рады, а пасля яе роспуску — членам Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. У 1797 харужы Віленскага пав., у 1802 — старшыня 1-га дэпартамента галоўнага суда Віленскай губ., у 1805 маршалак шляхты Віленскага пав. У 1808 прызначаны членам судова-адукацыйнай камісіі па ўпарадкаванні адукацыйных фундушаў у Віленскай навучальнай акрузе (старшыня камісіі — Тамаш Ваўжэцкі). З 1811 гранічны суддзя Віленскай губ. У час вайны 1812 пры адступленні рас. арміі М.Барклай-дэ-Толі прызначыў Л. Прэзідэнтам Вільні (хутка быў заменены французскімі ўладамі на мэра М.Ромера). З 1815 член Радзівілаўскай камісіі, што разглядала юрыдычную прыналежнасць радзівілаўскіх уладанняў.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.