Артыкулы: Ляшчынскія

Ляшчынскія, шляхецкі род герба «Вянява» ў Рэчы Паспалітай. Вядомы з канца 14 ст. Родавая сядзіба — Лешна (Лешчна) у Вял. Польшчы (адсюль прозвішча). Мель маёнткі ў Вял. Польшчы, Сілезіі, на Валыні (у т.л. Чартарыйск, Корац), у ВКЛ. У 1473 ад імператара Фрыдрыха ІІІ атрымалі графскі тытул. Найб. вядомыя:

Рафал (каля 1526—1592), сын Яна. Ваявода брэсцка-куяўскі ў 1545—50, стараста радзеёўскі ў 1550—80, кашталян срэмскі з 1580. Быў аднім з найбольш актыўных палітыкаў свайго часу. На Пётркаўскім сойме 1548 патрабаваў разводу караля польскага і вял. князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста з Барбарай Радзівіл, на сойме 1550 абараняў Станіслава Ажахоўскага, абраны маршалкам соймаў 1552 і 1562—63. Падтрымаў заключэнне і падпісаў акт Люблінскай уніі 1569, пасля чаго быў паслом з паслоў у Маскву (узяў з сабой святара Яна Ракіту, які дыскутаваў па рэлігійных пытаннях з царом Іванам Грозным). Належаў да арыян (чэшскіх братоў).

Андрэй (каля 1559—24.7.1606), сын Рафала. На заключным этапе Інфлянцкай вайны 1558—82 чале ўласнага атрада ваяваў пад камандаваннем Стафана Баторыя супраць маскоўскіх войск. Ваявода брэсцка-куяўскі з 1591. У менскага ваяводы Яна Паца набыў маёнтак Далобры ў Берасцейскім ваяв., там жа меў Уладаву. Належаў да чэшскіх братоў. Удзельнічаў у пратэстанцка-праваслаўным Віленскім з’ездзе 1599.

Рафал (кастр. 1579, ВКЛ—29.3.1636), сын Андрэя. Кашталян вісліцкі з 1612, калішскі з 1618, ваявода белзскі з 1620. Удзельнічаў у Хацімскай бітве 1621. Садзейнічаў легалізацыі правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай на сойме 1632. Валодаў Далобрамі ў Берасцейскім ваяв., вуліцай у Берасці, маёнткамі на Валыні і інш. (усяго 17 гарадамі і 116 вёскамі). Быў мецэнатам, адным з найбольш адукаваных людзей свайго часу. Належаў да кальвіністаў. Гал. рэзідэнцыю меў ва Уладаве Берасцейскага ваяв., дзе заснаваў кальвінскі збор са школай.

Рафал (?—1644), сын Рафала. Пасля бацькі валодаў шматлікімі маёнткамі, у т.л. Уладавай і Карпіносай у ВКЛ.

Андрэй (1608 або 1609—15.4.1658), сын Вацлава. Канонік кракаўскі прыкладна з 1623, канцлер каралевы польскай і вял. княгіні літоўскай Цэцыліі з 1640, падканцлер каронны з 1645, біскуп хэлмскі з 1646, канцлер каронны ў 1650—52, арцыбіскуп гнезненскі з 1653.

Уладзіслаў (?—да 1663), сын Рафала, ваяводы белзскага. Падкаморы берасцейскі. У 1648 удзельнічаў у элекцыі караля польскана і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра. Удзельнічаў у бітве з укр. казакамі пад Берасцечкам у 1651. Меў маёнткі на Валыні, у Берасцейскім ваяв., вуліцу ў Берасці. Вызнаваў кальвінізм.

Багуслаў (каля 1612—23.9.1659),сын Рафала, ваяводы белзскага. Генеральны стараста вялікапольскі з 1642, падскарбі каронны з 1650, падканцлер каронны з 1658. Маршалак соймаў 1641, 1648, 1649—50. Удзельнічаў у бітве з укр. казакамі пад Берасцечкам у 1651. З кальвінізму перайшоў у каталіцтва. Валодаў шматлікімі маёнткамі, у т.л. мястэчкам Орхаў у Берасцейскім ваяв.

Ян (1603—78), сын Андрэя. Кашталян срэмскі ў 1644, гнезненскі з 1644, маршалак каралевы польскай і вял. княгіні літоўскай у 1649—51, ваявода ланчыцкі з 1653, пазнанскі з 1656, падканцлер каронны з 1659, канцлер каронны ў 1666—78, ваявода кракаўскі ў 1678.

Пшэцлаў Павел (15.8.1605—70), сын Андрэя. Кашталян наклаўскі з 1642, срэмскі з 1644, ваявода дорпацкі з 1658.

Вацлаў (15.8.1605—1.4.1666), сын Андрэя. Каралеўскі сакратар з 1630, канонік кракаўскі і схаластык ланчыцкі з 1633, пробашч ланчыцкі з 1640, рэферэндар каронны і пробашч плоцкі з 1643, біскуп вармінскі з 1644, арцыбіскуп гнезненскі з 1658.

Вацлаў (паміж 1632 і 1638—88), сын Уладзіслава. Ваявода падляшскі з 1673. Удзельнічаў у Хацінскай бітве 1673, Венскай бітве 1683.

Багуслаў (каля 1645—да 3.10.1691), сын Багуслава. З 1658 ксёндз, канонік кракаўскі з 1665, канцлер каралевы польскай і вял. княгіні літоўскай Элеаноры ў 1671, сакратар караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІІ Сабескага ў 1682, біскуп луцкі з 1688.

Рафал Вацлаў (1650—30.1.1703), сын Багуслава. Каронны падстолі з 1676, стольнік з 1677, крайчы з 1678, вял. харужы з 1683, ваявода калішскі з 1685, пазнанскі з 1687, ваявода ланчыцкі і генеральны стараста вялікапольскі з 1692, вял. падскарбі каронны з 1702. Маршалак сойма 1683. Удзельнічаў у Венскай бітве 1683. У 1700 пасол у Турцыю. У 1701 пачаў судовы працэс з Каралём Станіславам Радзівілам судовы працэс наконт застаўшайся пасля смерці сваёй сястры Людвікі Ляшчынскай рухомай маёмасці на 5 млн злотых. Валодаў шматлікімі маёнткамі, у т.л. мястэчкам Орхаў у Берасцейскім ваяв.

Станіслаў (20.10.1677, г. Львоў—23.2.1766), сын Рафала Вацлава, кароль польскі і вял. князь літоўскі, гл. Станіслаў Ляшчынскі.

Літаратура:

Karwowski S. Leszczyńscy herbu Wieniawa. Lwów, 1916.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.