Артыкулы: ардынацыя
ардынацыя(ад лац. ordinatio упарадкаванне), 1) збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арганізацыі, суды ў Рэчы Паспалітай. 2) Збор прававых норм, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы А. — неадчужальнасць і непадзельнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (прынцып прымагенітуры), жанчыны за нашчадкаў не лічыліся. Упершыню ў ВКЛ спробу стварыць А. зрабіў у 1555 гаспадарскі маршалак і менскі стараста В.Тышкевіч, які ў сваім тастаменце пастанавіў, каб усе яго маёнткі пераходзілі ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі. Тастаментамі 1567 і 1570 ён вылучыў сваім нашчадкам выключна па мужчынскай лініі толькі Лагойскі маёнтак (без прынцыпу прымагенітуры). Аднак Тышкевіч і яго спадчыннікі тэрмінаў «А.» і «ардынат» не ўжывалі. 20.7.1586 М.К.Радзівіл Сіротка і С.Радзівіл заключылі дамову аб заснаванні на аснове сваіх уладанняў дзвюх А., да якой 16.8.1586 далучыўся А.Радзівіл. Створаныя такім чынам Нясвіжская, Клецкая і Алыцкая А. мелі 2 гал. прынцыпы: яны не маглі адчужацца і перадавацца ў спадчыну па жаночай лініі. Зацверджаны 10.12.1586 каралём Стафанам Баторыем і соймам 1589. У 1595 Сіротка ўстанавіў прынцып прымагенітуры пры атрыманні ў спадчыну Нясвіжскай А., што было пашырана на астатнія радзівілаўскія А. Пасля А. стварылі магнаты Замойскія (зацверджана соймам у 1589), Мышкоўскія (1601, Пінчаўская А.), Астрожскія (1609). У канцы 18 ст. Сулкоўскія заснавалі дзве А. — Рыдзынскую (1775) і Бельскую (ужо на тэрыторыі, падлеглай Рас. імперыі). Астрожская А. спыніла існаванне ў сярэдзіне 18 ст., астатнія працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы і былі скасаваны сеймам у 1939. Гал. мэтамі пры заснаванні А. былі імкненне захаваць матэрыяльны падмурак магутнасці пэўнага роду і меркаванні прэстыжу (тытул ардыната ў Рэчы Паспалітай стаў адпаведнікам зах.-еўрап. феад. тытулаў).
Літаратура:
Mełeń A. Ordynacje w dawnej Polsce // Pamiętnik historyczno-prawny. 1926. Z. 2;
Zielińska T. Ordynacje w dawnej Polsce // Przegląd historyczny. 1977. Z. 1;
Спірыдонаў М.Ф. Першая ардынацыя ў Беларусі // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1996. № 8.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


