Артыкулы: Аркудзій (Arcudius) Пётр
Аркудзій (Arcudius) Пётр (каля 1563, в-аў Корфу—1633), дзеяч грэка-каталіцкай царквы. У 1578 паступіў у Грэчаскі калегіум св. Афанасія, дзе ў 1591 атрымаў вучоную ступень доктара філасофіі і тэалогіі. У 1591 рымскі папа Рыгор XIV па просьбе луцкага біскупа Бярнарда Мацяёўскага накіраваў А. ў Луцк для прапаганды ідэі царкоўнай уніі. У 1593—96 быў святаром Грэчаскага калегіума. У 1596 рымскі папа Клімент VIII па просьбе епіскапаў праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай выдаў акт аб далучэнні Кіеўскай мітраполіі да каталіцкай царквы, і А. разам з епіскапамі ўладзімірскім Іпаціем Пацеем і луцкім Кірылам Цярлецкім выехаў з Рыма ў Рэч Паспалітую. Стаў бліжэйшым памочнікам Іпацея Пацея ў правядзенні царкоўнай уніі. Выкладаў у школе в Бярэсці, рыхтаваў правядзенне царкоўнага сабора, на якім была заключана Берасцейкая унія 1596. На сойме 1597 выступаў у яе абарону. У 1597 быў перакладчыкам на судовым працэсе па справе экзарха канстанцінопальскага патрыярха Нікіфара. З дапамогай Іпація Пацея ў 1601 А. заснаваў семінарыю ў Вільні для падрыхтоўкі уніяцкіх святароў і пастаянна дбаў аб павышэнні яе зроўню (з-за недахопу сродкаў яна месцілася ў драўляным будынку, а колькасць навучэнцаў не перавышала 12 чал.). Удзельнічаў у рэлігійнай палеміцы з праваслаўнымі, дапамагаў Іпацію Пацею ў напісанні кн. «Антырызіс» (1599, 1600, на старабел. і польскай мовах), скіраванай супраць твора М.Бранеўскага «Апакрысіс». У 1600—01 па ініцыятыве мітрапаліта Іпація Пацея ўдзельнічаў у пасольстве канцлера ВКЛ Л.Сапегі ў Маскву для высвятлення магчымасці заключыць унію з Рус. правасл. царквой. Таксама меў заданне адшукаць «грэчаскую» бібліятэку цара Івана Грознага. У 1601 прызначаны архімандрытам Лаўрышаўскага манастыра і пінскім пратапопам, у 1603 — кобрынскім архімандрытам. Рымскія ўлады прапаноўвалі прызначыць А. епіскапам, але кароль Жыгімонт ІІІ адмовіў, спасылаючыся на тое, што А. — не паляк і не дастаткова добра ведае «рус.» мову. У 1603—05 А. шукаў у Рыме падтрымкі для Віленскай семінарыі. У 1609 канчаткова з’ехаў у Рым. Быў цэнзарам, бібліятэкарам, удзельнічаў у дзейнасці Кангрэгацыі прапаганды веры. Аўтар шматлікіх багаслоўскіх твораў, у т.л. «Сем кніг аб згодзе ўсходняй і заходняй цэркваў у адпраўленні сямі таінстваў» («Libri VII de concordia Ecclesiae Occidentalis et Orientalis in septem sacramentorum administratione», Парыж, 1619, 2-е выд. 1626, 3-е выд. 1672), «Гісторыя аб уніі рускіх з Рымскім пасадам» («Historia de Ruthenorum cum Romana Sede unione», не захавалася).
Літаратура:
Студинський К. Хто був автором «Антиррезiса» з р. 1599? // Записки Навукового товариства імени Шевченка. 1900. Т. 35—36. Кн. 3—4;
Ozorowski M. Piotr Arkudiusz — Grek na służbie Słowian // Bizancjum—prawosławie—romantyzm: Tradycja wschodnia w kulturze XIX wieku. Białystok, 2004.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


