Артыкулы: армяне
армяне — народ, у ВКЛ адна з нацыянальных меншасцей.
Армяне ў ВКЛ былі нешматлікай групай, але яна займала прыкметнае і даволі высокае месца ў сацыяльнай стратыграфіі тагачаснага грамадства. Армяне сяліліся у ВКЛ у асноўным абшчынамі (так званымі калоніямі) у гарадах і мястэчках. Прычыны перасялення армян у межы ВКЛ — барацьба армянскіх купцоў за рынкі, рэлігійныя ганенні на армян у Арменіі пад уладай Асманскай імперыі, войны за Закаўказзе паміж Асманскай імперыяй і Іранам. Міграцыя армян у ВКЛ ішла непасрэдна з Арменіі і з прамежкавых пляцовак — Крыма і Малдовы.
Паводле падлікаў Я.Дашкевіча, на Правабярэжнай Украіне да канца 18 ст. існавала каля 60 армянскіх калоній. Некаторыя з іх знаходзіліся ў межах ВКЛ, праўда, адносна невялікі прамежак часу, за выключэннем армянскай калоніі ў Кіеве. Сярод іншых гарадоў ВКЛ, дзе фіксуюцца армяне, можна назваць Луцк, Уладзімір, Крэменец.
Асобае месца сярод армянскіх калоній на землях ВКЛ займае кіеўская. Яна самая старажытная з іх. Упершыню армяне ў Кіеве ўпамінаюцца ў «Кіева-Пячэрскім пацерыку» ў адносінах да рэалій канца ХІ—пачатку ХІІ ст. У XV ст. яны ўмацавалі сваё становішча ў горадзе. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір ІV выдаў кіеўскім армянам прывілей. Аўтэнтычны экземпляр дакумента і нават яго тэкст не захаваліся, але звесткі з прывілея пераказаў Яўген Балхавіцінаў[1]. Згодна з дакументамі, якія захоўваліся ў Кіеўскім касцёле, Казімір дазволіў армянам пабудаваць Успенскую царкву на кіеўскім Падоле, на Гнілой вуліцы, дзе пазней стаяла Пакроўская званіца. Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр выдаў фундушы армянскай царкве Кіева ў 1496 і 1499 гг., Жыгімонт І Стары — у 1511, 1513 і 1535 гг., таксама выдаў прывілей і Стафан Баторый. Кіеўская армянская царква, якая не захавалася да нашага часу, але даследавана археолагамі. Яе рэшткі раскапаны на Падоле, каля праваслаўнай Пакроўскай царквы XVIII ст. Г.Івакін лічыць, што царква Растава Багародзіцы пабудавана армянскай грамадой у XIV—пачатку XV ст. Царква была каменнай, распіснай фрэскамі, з падлогай з паліваных плітак[2]. Храм пацярпеў у час нападу на Кіеў арды крымскага хана Менглі-Гірэя ў 1482 г. На яе месцы пазней была пабудавана драўляная царква Раства Багародзіцы, якая ў 1622 г. была падпарадкавана армянскай царкве Узнясення Багародзіцы ў Львове[3]. Гэта царква згарэла 16—17 ліпеня 1651 г. У XVI ст. з’явіліся даволі шматлікія армянскія графіта на мурах Кіеўскага Сафійскага сабора[4]. Сярод іх аўтараў — святары, купцы, вайскоўцы. Мяркуецца, што пасля зруйнавання каменнай армянскай царквы армянам было дазволена правіць службы ў адным з памяшканняў Сафіі (у прыдзеле Антонія і Феадосія — усыпальніцы Уладзіміра Манамаха). Датаваныя графіта паказваюць, што гэта армянская святыня функцыянавала адносна невялікі прамежак часу — з пачатку XVI ст. да пачатку XVII ст. Захаваліся сведчанні пра існаванне армянскага Кіеўскага епіскапства за 1371—1378 гг.[5] Пасля ў Кіеве адзначаецца армянская парафія (з 1384 г.), якая існавала да 1660 г. Згодна з лічбамі, сабранымі Я.Дашкевічам, у 1552 г. у Кіеве было не менш 22 армянскіх двароў (не менш 176 чалавек), а ў першай чвэрці XVII ст. — каля дзесяці армянскіх двароў (паводле іншых звестак, у 1618 г. у горадзе налічвалася толькі 4 армянскія сям’і). Згодна з указам цара Аляксея Міхайлавіча, армяне былі выселены з Кіева[6].
У 1512 г. кіеўскі армянін «Нородим» атрымаў ад велікакняжацкага скарбу 10 коп грошаў[7], а ў 1530-х гг. кіеўскі армянін, татарскі перакладчык Васіль Салтанавіч — 3 капы грошаў і лунскае сукно[8].
Армянская парафія ў Луцку згадваецца у кандаках каталікосаў Мясропа І, Канстанціна ІV, Тэадораса ІІ 1364, 1375, 1384 і 1390 гг.[9] Аўтар XVII ст. Сімяон Лехацы адзначаў: «Раней у Луцку было 300 дамоў армян, яны мелі сёлы, маёнткі і шмат вакуфаў, там знаходзіўся раней прастол. Цяпер засталіся дзве армянскія сям’і, але каменная царква і сяло яшчэ існуюць»[10]. Існаванне армянскага Луцкага епіскапства не знаходзіць пацвярджэння ў аўтэнтычных крыніцах, хіба што Ян Длугаш упамінае армянскага епіскапа ў Луцку ў 1429 г.[11] Армянскія жыхары Луцка згадваюцца ў гарадскіх кнігах пад 1406 г., але на працягу XV ст. луцкія армяне перасяліліся ў Львоў. У 1618 і 1678 гг. у Луцку адзначаны толькі дзве армянскія сям’і, у 1700 г. — 11 сем’яў[12]. З пазнейшага дакумента вядома, што вялікі князь Свідрыгайла надаў армянскай царкве св. Стафана ў Луцку маёнтак Цапароў. У першай палове XVI ст. у Луцку разгарэўся канфлікт паміж армянскім папом Вартыкам і луцкім каталіцкім біскупам Юрыем Фальчэўскім (1536?—1547). Як аказалася, біскуп паведаміў вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Жыгімонту Аўгусту, што ўсе армяне зышлі з Луцка, акрамя армянскага папа, і на гэтай падставе выпрасіў для сябе маёнтак Цапароў. Аднак Вартые некалькі разоў звяртаўся да гаспадара з просьбай вярнуць яму Цапароў. У рэшце рэшт Вартык і Фальчоўскі заключылі пагадненне на шэсць год з той умовай, што калі б армяне зноў пасяліліся ў Луцку, то біскуп верне Цапароў, што зацвердзіў гаспадар. Пасля Фальчоўскі памёр, а ад новага луцкага біскупа Валяр’яна Пратасевіча Вартык пачаў патрабаваць Цапароў, даводзячы, што армяне ўжо засяляюць Луцк, і калі Цапароў будзе пры армянскай царкве, іх будзе прыходзіць яшчэ больш. Жыгімонт Аўгуст у 1554 г. прысудзіў Цапароў луцкай армянскай царкве св. Стафана[13]. Луцкі армянскі поп упамінаецца і падчас правядзення рэвізіі Луцкага замка 1545 г.[14] Луцкія армяне прыгадваюцца ягчэ ў 1509 г.[15] У 1524 г. пан Васіль Сямашкавіч купіў у луцкай армянкі Іванісавай дом, што пацвердзіў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Стары[16]. У 1561 г. вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст вызваліў луцкіх армян, якія прыйшлі «зъ земли Волоское» ад некаторых падаткаў і павіннасцей, гэтая палёгка распаўсюджвалася і на мяркуемых будучых перасяленцаў[17]. Як вынікае ў вышэй прыведзеных лічбаў, гэтыя меры не дужа садзейнічалі павелічэнню армянскага насельніцтва ў Луцку.
Ва Уладзіміры на Валыні, як меркавалася раней, армяне з’явіліся з ХІІІ ст. Аднак першае верагоднае ўпамінанне перасяленцаў — згадка пра мясцовую армянскую парафію ў кандаку каталікоса Мясропа І 1364 г. Яна ж прыгадваецца ў кандаку каталікова Якаўбоса ІІІ 1410 г. Некаторыя перасяленцы ва Уладзіміры ўпамінаюцца ў львоўскіх гарадскіх кнігах 1387 г.[18] Аб армянах ва Уладзіміры ўпамінаў Сімяон Лехацы[19].
У Крэменцы армяне прыгадваюцца ўскосным чынам. Калі ў 1438 г. вялікі князь Свідрыгайла надаў Крэменцу магдэбургскае права, то войт Юрэк атрымаў права суда над русінамі, лахамі, немцамі, валохамі, армянамі, жыдамі і татарамі. Далей у адпаведным прывілеі ідзе размова пра палёгкі для новапрыбылых мяшчан, так што армяне ў прывілеі маглі быць упамянуты з надзеяй на іх будучае тут пасяленне[20].
Астрожац на Валыні, маёнтак князя Пятра Міхайлавіча Галаўні-Астрожацкага, меў няпэўныя адносіны да армян. Уладальнік маёнтка атрымаў у 1528 г. прывілей ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога на магдэбургскае права для свайго ўладання. Прывілей прадугледжваў, што ў новазаснаваным горадзе паселяцца армяне[21]. Ці сапраўды адбылося так, невядома.
У гарадах органам армянскага самакіравання была рада старэйшын (6—12 чал.). У некаторых гарадах армянскія абшчыны дамагліся асобнага самакіравання паводле магдэбургскага права. Такія абшчыны ўзначальваліся выбарнымі войтамі. Абшчыны мелі сой суд, уласнае права — кодэкс Мхітара Гоша (1519). Армянскія рады выконвалі адміністрацыйныя і фінансавыя функцыі, збіралі падаткі, утрымлівалі шпіталі, распараджаліся царкоўнай маёмасцю. Армянскія калоніі былі аўтаномнымі, але падтрымлівалі паміж сабой сувязі.
Вядучую ролю ў жыцці армянскіх калоній адыгрывалі буйныя гандляры, якія падтрымлівалі гандлёвыя сувязі аж да Індыі, Егіпта і Партугаліі, займаліся ліхвярствам, пазычалі грошы магнатам, каралю. Росквіт армянскага гандлю ў ВКЛ і Польшчы прыпадаў на 14—першую палову 17 ст. Да «армянскіх тавараў», што ўвозіліся, адносіліся: дарагія тканіны, вопратка, дываны, залататканыя паясы, «турэцкія» хусткі, усходняя зброя, духмяныя рэчавы, вывозіліся мёд, бурштын, ювелірныя вырабы, вырабы гарбарнага рамяства (сёдлы, вупраж), халодная зброя.
Некаторым замежным армянскім гандлярам вялікія князі літоўскія выдавалі прывілеі з пэўнымі палёгкамі. Так, Жыгімонт Стары ў 1541 г. выдаў прывілей армянскаму купцу з Кафы (Крым) Сяркізу Хачымавічу на бязмытны гандаль у ВКЛ за яго паслугі літоўскаму пасольству ў Крыме[22].
Менавіта з усходнім гандлем было звязана часовае з’яўленне на тэрыторыі Беларусі армянскіх купцоў. Пры заключэнні фінансавых здзелак купцы часта ўказвалі як месца выплаты даўгоў буйныя кірмашы, у тым ліку ў Слуцку, пра што сведчаць запісы армянскага суда ў Камянцы[23]. Па дарозе армянскія купцы павінны былі наведваць Брэст, Пінск, Клецк, а пры ўліку маскоўскага напрамку іх маршрутаў, — Мінск і Магілёў. Захаваліся сведчанні пра беларускі гандаль львоўскага мешчаніна армяніна Андрэяса, чый воз з таварам у 1516 г.быў абрабаваны сялянамі Шайбакова двара на рацэ Ятфі, што выклікала судовую справу і штраф у 50 коп грошаў на карысць Андрэяса[24].
У 1510 г. армянін з Кафы Беята меў судовую справу з кіеўскім армянінам Дзямьянам адносна доўгу ў 150 коп грошаў[25]. Пры разглядзе справы на гаспадарскім судзе прысутнічалі з паслы крымскага хана “з рукі” Беята па імю Аўгустын і Патэстын. Высветлілася, што ў Кіеве Дзямьян узяў у Беята тавараў на 150 коп грошаў, пасля чаго паехаў у Вільню іх прадаваць, абяцуючы вярнуць грошы ў Кіеве. Аднак Беята на стаў чакаць доўг у Кіеве, а паехаў за ім у Вільню. Дзямян заплаціў 40 коп, хоць гэта было не згодна з умовай. Пасля абодва паехалі ў Слуцк, але далей не здолелі рушыць, бо шляхі былі зачынены з-за мецяжу Льва Глінскага. Дзямьян пакінуў у Слуцку свой тавар з Беятам, а сам паехаў у Луцк. Следам за ім рушыў Беят, хоць Дзямьян яму гэта забараняў. Прычым Беят ехаў не гасцінцам, а “пасельскімі” дарогамі, быў перахоплены луцкім мытнікам Шамаком Данілавічам і трапіў пад канфіскацыю тавараў. Па просьбе “добрых людзей” палову тавараў удалося вярнуць. Пасля гэтага кампаньёны зрабілі перарахунак паміж сабой, і Беят прызнаў у Луцкай ратушы, што Дзямьян яму нічога не вінен. Цяпер, на гаспадарскім судзе, Беята пачаў даводзіць, што вызваліў Дзямьяна з даўгоў у Луцку пад прымусам, бо яго трымалі на ланцугу. Аднак гэтага ён не даказаў, так што праўда засталася за Дзямьянам.
У наступным, 1511 г., гаспадарскі суд разглядаў яшчэ адну справу, дзе дзейнічалі армянскія купцы[26]. На гэты раз гаспадару жаліліся купцы з Кафы Аўгуштым (фражын, гэта значыць, італьянец, пэўна, тоесны Аўгустыну на судзе 1510 г.) і армянін Андрэй Аксенавіч з таварышамі. Яна жаліліся на таго ж луцкага мытніка Шамака Данілавіча з-за безпадстаўнай канфіскацыі тавараў, калі яны ехалі з Літвы ў Кафу. Шамак даводзіў, што купцы ехалі не па звычайнай дарозе, пэўна, імкнучыся пазбегнуць выплаты мытных падаткаў. Да таго гэтая справа разглядалася князем К.І.Астрожскім, які вырашыў яе на карысць Шамака. Гаспадарскі суд пацвердзіў гэтае рашэнне.
За 1563 г. маем кароткую звестку пра смерць у Вільні армянскага купца Аляксандра[27]. Калі ў 1579 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый зацвердзіў статут цэха шаўцоў Вільні, то былі ўрэгуляваны правілы гандлю армянскімі купцамі шавецкімі вырабамі[28]. У гандлёвай пастанове віленскага ваяводы Мікалая Крыштофа Радзівіла 1604 г. таксама ўпамінаюцца армянскія купцы[29].
Армянскія гандляры, які знатакі ўсходніх моў, выступалі перакладчыкамі ў вялікакняжацкай і каралеўскай канцылярыях, выконвалі дыпламатычныя даручэнні ў краінах Усходу. У армянскіх калоніях былі ўмелыя майстры, сярод якіх вылучаліся ткачы, што выраблялі дарагія тканіны і залататканыя паясы, а таксама лекары, мастакі.
Некаторыя армяне атрымлівалі ад вялікіх князёў літоўскіх маёнткі. Так, у 1506 г. вялікі князь Аляксандр падараваў армяніну Піліпу пустое селішча Лісанава ў Кіеўскім павеце з правам трымаць карчму[30]. Вялікі князь Жыгімонт Стары ў 1514 г. падараваў кіеўскаму армяніну Леньку Дземяновічу (пэўна, сыну вышэйназванага Дзямяна) сяло Атачылавічы ў Мазырскай воласці за дыпламатычную службу[31]. Пазней у Мазырскім павеце вядомы яго нашчадкі — шляхецкі род Лянкевічаў-Іпагорскіх гербаў «Котвіч» і «Побаг»[32]. Таму ж Леньку Дземяновічу Жыгімонт Стары даў шэсць службаў і чатыры пустыя зямлі ў Асмалоўцах у Навагрудскім павеце[33]. У дакуменце 1521 г., калі Ленька ўжо не жыў, ён ахарактарызаваны «былъ добрымъ слугою господарьскимъ и земскимъ и голову свою положилъ на службе господарьской», у свой час ён гандляваў нейкімі рэчамі ў Ардзе[34].
У 1516 г. Жыгімонт Стары падараваў кіеўскаму армяніну Макару Івашкавічу селішча Лыскаўшчыну ў Беласароцкай воласці, таксама за дыпламатычныя паслугі[35].
Армянскае насельніцтва мела сваю царкоўную арганізацыю, епіскапаў (у Кіеве, Львове, Луцку, Камянцы). У 1640 г. заключана унія паміж армянскай царквой Рэчы Паспалітай і рымска-каталіцкай царквой. Абавязковай прыналежнасцю армянскіх калоній былі цэрквы (у Кіеве з XIV ст. вядома драўляная царква, у Луцку мураваная царква св. Стафана пабудавана ў 1378 г., у Камянцы царква св. Мікалая заснавана ў 1398 г.).
У Вільні армянская калонія не склалася, хоць армянскае насельніцтва там пражывала, у тым ліку рамеснікі. Чэшскі езуіт Бальтазар Гостунскі пісаў у 1570 г.: «У гэтым горадзе Вільні шмат народаў, а менавіта: літвіны, русіны, палякі, татары, немцы, яўрэі, дастаткова шматлікія італьянцы і армяне». Гостунскі адзначыў, што амаль усе этнічныя групы мелі ў Вільні сваі святыні і школы, але не назваў у гэтым шэрагу армянаў[36]. Пра армян у Вільні сведчыць Сімяон Лехацы[37]. У XVI ст. тут упамінаецца армянін-саф’яннік[38].
Найбольш вядомая армянская сям’я рамеснікаў і прадпрымальнікаў у ВКЛ — Маджарскія, што трымалі Слуцкую мануфактуры шаўковых паясоў[39]. Улічваючы вялікую ролю Слуцка ва ўсходнім гандлі ВКЛ, размяшчэнне мануфактуры менавіта ў гэтым горадзе прадстаўляецца невыпадковым.
Асобным эпізодам беларуска-армянскіх связей часоў ВКЛ з’яўляецца армянскі запіс у Тураўскім Евангеллі XVI ст. Мяркуецца, што запіс зроблены прыкладна ў той час, калі было напісана Евангелле. Запіс месціцца на адвароце 172 аркуша рукапісу, пашкоджаны пры абрэзцы кнігі і цалкам не разабраны (чытаюцца толькі словы «сынам Цатура»)[40]. Яго даследаванне — цікавая справа будучага. У пэўнай ступені гэты помнік нагадвае іншы цікавы артэфакт — крыж кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча, які потым быў забяспечаны армянскім надпісам (у пачатку ХХ ст. захоўваўся ў Эчміадзіне)[41].
Падрабязнасці:
Линниченко А. Армяне Польши и Юго-Западной Руси. СПб., 1862.
Дашкевич Я. Армянские колонии на Украине в источниках и литературе 15—19 вв.: (Историографический очерк). Ереван, 1962.
Дашкевич Я. Вірменське самоврядування Києва в межах магдебурзького права XV—XVII ст. // Самоврядування в Києві: історія та сучасність. Київ, 2000.
Дашкевич Я. Вірменія і Україна. Львів; Нью-Йорк, 2001.
Дашкевич Ярослав. Вірмени в Україні: дорогами тисячоліть. Збірник наукових праць. Львів: Логос, 2012.
Лехаци Симеон. Путевые заметки / Перевод с армянского, предисловие и комментарии М.О.Дарбинян. М.: Наука, 1965. 322 с.
Галустян Дж.О. Армяне на дипломатической службе в Речи Посполитой в XVII в. // Историко-филологический журнал. Ереван, 1971. № 2. С. 251—258.
Рашба Н.С., Авербух С.И. Армяне на польской дипломатической службе в XVI—XVII веках // Историко-филологический журнал. Ереван, 1974. № 2. С. 181—191.
Григорян В.Р. История армянских колоний Украины и Польши. (Армяне в Подолии). Ереван: Изд-во АН Армянской ССР, 1980. 291 с., ил.
Халпахчьян О.Х. Сооружения армянской колонии в Каменце-Подольском // Архитектурное наследство. М., 1980. Вып. 28.
Осіпян Олександр. Вірменська діаспора у середньовічному Києві // Київська старовина. 11/2002. № 6. С. 17—40.
Осіпян Олександр. Вірменська діаспора у середньовічному Києві та на Київщині / // Сучасність: Література, наука, мистецтво, суспільне життя. 2005. № 2. С. 115—140.
Осипян О.Л. Возникновение армянских торговых колоний во Львове и Каменце-Подольском и их роль в торговле со странами Причерноморья и Восточного Средиземноморья во второй половине XIII—первой половине XV в. // Исследования по истории Восточной Европы = Studia Historica Europae Orientalis. Выпуск 5. Мн.: РИВШ, 2012. С. 53—83.
[Пазднякоў В.] Армяне // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А—Я. Мінск: БелЭн, 2010. С. 38.
Пазднякоў В.С. Армяне ў Вялікім Княстве Літоўскім // Беларусь і суседзі: шляхі фарміравання дзяржаўнасці, міжнацыянальныя і міждзяржаўныя адносіны (да 80-годдзя гістарычнага факультэта / факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый ГДУ імя Ф. Скарыны). Зборнік навуковых артыкулаў. Выпуск 9. Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2024. 216 с. (С. 38—43).
© Валерый Пазднякоў, 2010+
[1] Евгений. Описание Киевософийского собора и киевской иерархии с присовокуплением разных граммат и выписок, объясняющих оное, также планов и фасадов константинопольской и киевской софийской церкви и ярославова надгробия. Киев, 1825. С. 106.
[2] Івакін Г.Ю.Історичний розвиток Києва ХІІІ—середини XIV ст. Київ, 1996. С. 146—152.
[3] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. Т. 2. СПб., 1865. № 48. С. 73—75.
[4] Григорян Г. Армянские надписи Киевского собора святой Софии // Вестник общественных наук. Ереван, 1979. № 4. С. 85—93; Корниенко В., Остапчук А., Колодницкий Л. История реставрации, перестроек и изменений функционального назначения восточной части южной внутренней галереи Софии Киевской // Софія Київська: Візантія. Русь. Україна. Вип. ІІ. Збірка наукових праць, присвячена 150-літтю з дня народження Дмитра Власовича Айналова (1862—1939 рр.). Київ, 2012. С. 213—214, 226—227.
[5] Дашкевич Я. Вірмени в Україні: дорогами тисячоліть. Збірник наукових праць. Львів: Логос, 2012. С. 211.
[6] Дашкевич Я. Вірмени в Україні: дорогами тисячоліть. Збірник наукових праць. Львів: Логос, 2012. С. 211—212, 230.
[7] ЛМ. 8. № 618. С. 459.
[8] ЛМ. 15. № 161.1. С. 208.
[9] Дашкевич Я. Вірмени в Україні: дорогами тисячоліть. Збірник наукових праць. Львів: Логос, 2012. С. 212.
[10] Лехаци Симеон. Путевые заметки / Перевод с армянского, предисловие и комментарии М.О.Дарбинян. М.: Наука, 1965. С. 249.
[11] Długosz Jan. Roczniki czyli kroniki sławnego królestwa polskiego. Księga jedenasta 1413—1430. Wydanie II. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN SA, 2009. S. 262.
[12] Дашкевич Я. Вірмени в Україні: дорогами тисячоліть. Збірник наукових праць. Львів: Логос, 2012. С. 231.
[13] ЛМ. 37. № 60. С. 149—150.
[14] ЛМ. 561. С. 155.
[15] ЛМ. 25. № 79. С. 139.
[16] ЛМ. 12. № 388. С. 325—326.
[17] ЛМ. 37. № 580. С. 464.
[18] Дашкевич Я. Вірмени в Україні: дорогами тисячоліть. Збірник наукових праць. Львів: Логос, 2012. С. 207.
[19] Лехаци Симеон. Путевые заметки / Перевод с армянского, предисловие и комментарии М.О.Дарбинян. М.: Наука, 1965. С. 249.
[20] Архив Юго-Западной России. Киев, 1869. Ч. 5. Т. 1. № 2. С. 3—5.
[21] Архив Юго-Западной России. Киев, 1869. Ч. 5. Т. 1. № 8. С. 36—37; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529). Užrašymų knyga 12 / Parengė: Darius Antanavičius ir Algirdas Baliulis. Vilnius: Žara, 2001. № 680. Р. 522—523.
[22] ЛМ. 28. № 33. С. 82—83.
[23] Григорян В.Р. История армянских колоний Украины и Польши. (Армяне в Подолии). Ереван: Изд-во АН Армянской ССР, 1980. С. 69—70.
[24] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографическою Коммиссиею. Т. 20. Литовская Метрика. Т. 1. СПб., 1903. № 310. Стб. 413—415.
[25] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографическою Коммиссиею. Т. 20. Литовская Метрика. Т. 1. СПб., 1903. № 81. Стб. 635—637.
[26] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографическою Коммиссиею. Т. 20. Литовская Метрика. Т. 1. СПб., 1903. № 154. Стб. 768—770.
[27] Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою Коммиссиею. Т. 30. Литовская Метрика. Отд. 1—2. Ч. 3. Т. 1. Юрьев, 1914. № 18. Стб. 315, 332.
[28] Акты Виленской археографической комиссии. Т. 10. Вильна, 1879. № 33. С. 210.
[29] Акты Виленской археографической комиссии. Т. 10. Вильна, 1879. № 42. С. 248; № 43. С. 250.
[30] ЛМ. 8. № 161.1; 161.2. С. 166—167.
[31] ЛМ. 9. № 418. С. 254.
[32] BonieckiA. Herbarzpolski. Warszawa, 1911. T. XIV. S. 86—91.
[33] ЛМ. 11. № 54. С. 75—76.
[34] Русская историческая библиотека, издаваемая Археографическою Коммиссиею. Т. 20. Литовская Метрика. Т. 1. СПб., 1903. № 184. Стб. 1504—1506; № 185. Стб. 1506—1507.
[35] ЛМ. 9. № 204. С. 169.
[36] Piechnik L. Dzieje Akademii Wileńskiej. T. 1: Początki Akademii Wileńskiej 1570—1599. — Rzym: Institutum Historicum Societatis Jesu, 1984. 263 s. (S. 32).
[37] Лехаци Симеон. Путевые заметки / Перевод с армянского, предисловие и комментарии М.О.Дарбинян. М.: Наука, 1965. С. 249.
[38] Arutiunian V. Armėnai // Visuotinė lietuvių enciklopedija. T. 2. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2002. P. 12—13.
[39] Лисейчиков Д.В., Глинский Е.С. Маджарские: армянский род в истории Беларуси. Минск; Ереван: НИАБ; Фонд «АНИВ», 2023. 487 с., ил.
[40] Лабынцев Ю.А. Новое о Туровских Евангелиях // Матэрыялы Першых кнігазнаўчых чытанняў (Мінск, 15 верасня 1998 г.). Мінск: НББ, 2000. С. 48.
[41] Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Литовский период. Біла Церква: Видавець Олександр Пшонківський, 2007. С. 66.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


