Артыкулы: Арэнт Тобіяш
Арэнт Тобіяш (10.6.1646, г. Рэшаль—8.4.1724), дзеяч каталіцкай царквы. У 1662 у Вільні ўступіў у ордэн езуітаў. З 1673 ксёндз. Місіянер у Караляўцы (1674—75), выкладаў філасофію ў Полацку (1678—81), пазытыўную і палемічную тэалогію ў Браневе (1681—82), прэфект студыяў у Варшаве (1682—83), выкладаў схаластычную і палемічную тэалогію ў Браневе (1684—85), суперыёр у Караляўцы (1688—90, 1694—96), рэктар калегіумаў у Браневе (1690—93) і Варшаве (1697—1701), галава Літоўскай правінцыі ордэна (1701—05), рэктар Віленскай акадэміі (1705—10, 1716—20, 1721—24), рэгент Папскай семінарыі і прэфект студыяў у Браневе (1710—13), прэпазіт дома прафесаў у Вільні (1713—16). Як галава Літоўскай правінцыі ў 1703 прапанаваў генералу ордэна езуітаў план пашырэння ўплыву на праваслаўных, для чаго выступаў за прыняцце езуітамі ўсходняга абраду. У працы «Studium polemicum» (Вільня, 1716) выклаў свае метады вядзення рэлігійнай палемікі. Апрацаваў практычны педагагічны падручнік «Praxis de natura, motivis et mediis magisterii grammatices» (Вільня, 1744).
Літаратура:
Piechnik L. Dzieje Akademii Wileńskiej. T. 3. Próby odnowy Akademii Wileńskiej po klęskach Potopu i okres kryzysu 1655—1730. Rzym, 1987.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


