Артыкулы: Нясвiж
Нясвiж (цяпер горад, цэнтр Нясвiжскага р-на, Рэспубліка Беларусь), горад у Новагародскім пав., на р. Уша. Упершыню ўпамiнаецца ў 1446 як уласнасць Сяляўкi, перададзеная вял. кн. літоўскім Казiмiрам IV М.Немiровiчу. З 1492 уласнасць маршалка ВКЛ П.Я.Мантыгiрдавiча, з 1523 — Радзiвiлаў. У 1547 з атрыманнем М.Радзiвiлам Чорным княжацкага тытула Н. стаў цэнтрам Нясвiжскага княства. У сярэдзiне 15 ст. ў Н. дзейнiчаў кальвiнскi збор, заснавана пратэстанцкая Нясвiжская друкарня, дзе друкаваў кнiгi на бел. мове С.Будны. У канцы 16 ст. М.К.Радзiвiл Сiротка ператварыў Н. у буйны асяродак распаўсюджання каталiцтва ў Беларусi, даў гораду шматлiкiя прывiлеi. Па яго iнiцыятыве 23.4.1586 Н. атрымаў магдэбургскае права, герб: шчыт, на адной палове якога палова чорнага арла (элемент герба Радзiвiлаў), на другой — 10 палос блакiтнага, чырвонага i залатога колераў. Горад быў перабудаваны паводле зах.-еўрапейскіх прынцыпаў: прамавугольная планiроўка з 2 мураванымi брамамi на восi гал. вулiцы (пазней зроблена яшчэ некалькi брам), у цэнтры Н. — прамавугольная гандлёвая плошча з ратушай; горад быў умацаваны валам i ровам. У 1584 заснаваны Нясвiжскi езуiцкi калегiум, у 1591 — Нясвiжскi кляштар бенедыкцiнак, у 1598 — Нясвiжскi кляштар бернардзiнцаў. У 1583 распачата будаўніцтва Нясвiжскага замка. У 1586 Н. стаў цэнтрам зямельнага ўладання Радзiвiлаў — Нясвiжскай ардынацыi з рысамi дзярж. адзiнкi ў Новагародскiм ваяв. У 1625 горад зведаў мор, што паспрыяла адкрыццю тут у 1627 аптэкi, у 1651 мор паўтарыўся. У 1626 у прадмесцi Новае Места збудавана езуiцкая каплiца св. Iзыдора. У вер. 1655 у час вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67 Н. заняты ўкр. казакамi i рас. войскамi, але замак аблогу вытрымаў. У 1660 Н. зноў разбураны, замак выстаяў. У 1672 заснаваны Нясвiжскi кляштар дамiнiканцаў. У 1673 у Н. каля 2,4 тыс. жыхароў, 366 дымоў. Паводле каралеўскага прывiлея ў 1681 заснаваны кiрмаш. Моцна пацярпеў Н. ад шведаў у час Паўночнай вайны 1700—21 (гл. Нясвiжа абарона 1706). Горад i замак адбудаваны ў 1720-я г. М.К.Радзiвiлам Рыбанькам, якi ў 1740-я г. заклаў мануфактуру шаўковых паясоў (пазней пераведзена ў Слуцк), у 1747 — Нясвiжскi кадэцкi корпус, у 1750 аднавiў друкарню, у 1750—53 адбудаваў езуiцкi касцёл, у 1752 заснаваў Нясвiжскую дывановую мануфактуру i Нясвiжскую суконную мануфактуру. Па iнiцыятыве яго жонкi Ф.У.Радзівіл пачаў дзейнiчаць Нясвiжскi тэатр Радзiвiлаў з капэлай i балетнай школай. У фальварку Альба, дзе з канца 16 ст. знаходзiлася загарадная рэзiдэнцыя Радзiвiлаў, былi ўзведзены палац «Эрмiтаж», iнш. пабудовы, зроблены набярэжныя каналаў. У 1764 i 1768 Н. заняты рас. войскамi з-за антырас. пазiцыi К.С.Радзiвiла Пане Каханку ў час выбараў новага караля i ўдзелу ў Барскай канфедэрацыi; гiст. i мастацкія каштоўнасцi замка былi канфiскаваны, бiблiятэка (10 тыс. кнiг) у 1772 вывезена ў Пецярбург i паступiла ў Акадэмiю навук. У якасцi кампенсацыi за гэта ў 1775 Радзiвiл атрымаў ад рас. ўрада 6 млн. злотых. У 1773 з утварэннем Адукацыйнай камiсii ў Н. арганiзавана павятовая падакруговая школа. У час вайны з Расiяй 1792 Н. заняты рас. войскамi. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. iмперыi.
Лiтаратура:
Taurogiński B. Z dziejów Nieświeża. Warszawa, 1937;
Яго ж. Nieśwież. Warszawa, 1937;
Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (соц.-экон. исслед. истории городов). Мн., 1975;
Сыракомля У. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Пер. з пол. Мн., 1992;
Ciechanowiecki A.S. Nieśwież: międzynarodowy ośrodek kultury na Białorusi (od XVI do XX w.). Warszawa, 1994;
Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus: Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji nieświeskiej. Warszawa, 1998;
Nieśwież: Historia. Kultura. Sztuka. Materiały konferencji naukowych w Nieświeżu (1994, 1997). Warszawa; Mińsk, 1998;
Нясвіжскія зборы Радзівілаў: Іх фарміраванне, гістарычны лёс, цяперашняе месцазнаходжанне і шляхі выкарыстання. Мн., 2002;
Шышыгіна-Патоцкая К.Я. Нясвіж і Радзівілы. 2 выд. Мн., 2002;
Коваленко Д.А. Планировка и застройка средневековых Несвижа и Копыси // Материалы по археологии Беларуси. Мн., 2005. Вып. 9;
Яго ж. Историко-топографическое развитие городов Радзивиллов Копыси и Несвижа // Там жа.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


