Артыкулы: Пачобут-Адлянiцкi Ян Уладзiслаў
Пачобут-Адлянiцкi Ян Уладзiслаў (26.6.1640—23.5.1703), вайсковы дзеяч ВКЛ, удзельнiк вайны Расii з Рэччу Паспалiтай 1654—67, мемуарыст. З шляхецкага роду, якi з 15 ст. жыў на Гарадзеншчыне. У 1658 паступiў у казацкую харугву паспалiтага рушэння ротмiстра М.Шэмета, ваяваў у Троцкiм пав. супраць войск Ю.Далгарукава i супраць шведаў у Жамойцi, у 1659 — у Курляндыi. Удзельнiк бiтваў на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзiсна (жн.—лiст. 1661). Зiмой 1663—64 удзельнiчаў у няўдалай выправе караля Яна II Казiмiра за Дняпро. У 1666, 1675, 1679, 1680 i 1698 выбiраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Удзельнiчаў у абраннi каралёў Мiхала Вiшнявецкага (1669) i Яна III Сабескага (1674). У 1684 атрымаў пасаду стольнiка ашмянскага. У 1698 на баку прыхiльiнкаў захавання шляхецкiх вольнасцей змагаўся супраць Сапегаў. Пакiнуў успамiны i дзённiк (з 1680) «Нататкi мае i дыярыуш маёй службы ваеннай», у якiх адлюстраваны падзеi 1640—84. Асн. ўвага ў iх звернута на ваен. падзеi 1650—60-х г., таму яго мемуары сталi першараднай гiст. крынiцай. Упершыню твор выдадзены Л.Патоцкiм і Ю.Крашэўскім у 1877.
Творы:
Pamiętnik. Warszawa, 1987;
Бел. пер. — Запiскi i дыярыуш Яна Уладзiслава Пачобута-Адланiцкага // Полымя. 1998. № 1—2; 2001. № 10.
Лiтаратура:
Sajkowski A. Nad staropolskimi pamiętnikami. Poznań, 1964.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


