Артыкулы: Раман Данiлавiч
Раман Данiлавiч (каля 1230—1258?), князь новагародскi ў 1250-х г. Сын галiцка-валынскага кн. Данiлы Раманавiча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай i дыпламатычнай дзейнасцi. Вызначыўся ў баях з мангола-татарамi, удзельнiчаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажанiўся з герцагiняй Гертрудай, пляменнiцай i спадкаемнiцай апошняга аўстрыйскага герцага з дынастыi Бабенбергаў Фрыдрыха II, але ў барацьбе за аўстрыйскi трон пацярпеў паражэнне i пакiнуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данiлам Раманавiчам з Мiндоўгам пры пасрэднiцтве яго сына Войшалка, Р.Д. атрымаў ад літ. князёў Новагародскае княства з гарадамі Новагародак, Слонiм, Ваўкавыск як знак iх залежнасцi i тады ж ажанiўся з Аленай, дачкой ваўкавыскага кн. Глеба. У адказ на паход галiцка-валынскiх i мангола-татарскiх войск на літ. ўладаннi Войшалк i Таўцiвiл у 1258 адбiлi Новагародак, захапiлi Р.Д. ў палон i, відаць, забiлi. Iснуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонiмскi кн. Васiлька.
Літаратура:
Пашуто В.Т. Очерки по истории Галицко-Волынской Руси. М., 1950;
Ермаловiч М. Старыжытная Беларусь: Полацкi i новагародскi перыяды. Мн., 1990. С. 320—322;
Грушевський М. Iсторiя України-Руси. Т. 3. Київ, 1993.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


