Артыкулы: «Рэвiзiя Кобрынскай эканомii…»

«Рэвізія Кобрынскай эканоміі…» («Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 г. королевским ревизором Дмитрием Сапегою, с присовокуплением актов браславского земского суда, относящихся к Кобринской архимандрии»)— выданне гаспадарча-юрыдычнай дакументацыі Кобрынскай эканоміі сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскайархеаграфічнай камісіяй у 1876.

Публікацыя змяшчае кнігу з вынікамі праведзенай у 1563 рэвізіі валочнай памеры ў эканоміі (на беларускай мове, арыгінальная назва кнігі і яе пачатак не зберагліся). У ёй пералічаны гаспадары пляцаў у г. Кобрын, Дабучын (Пружаны), Гарадзец з пазначэннем колькасці сядзібнай, агароднай і палявой зямлі; сялянскія гаспадаркі ў Кобрынскай, Чаравачыцкай, Вежкаўскай, Дабучынскай, Блудзенскай і Гарадзецкай валасцях (падзяляліся на 18 войтаўстваў) з пазначэннем велічыні надзелаў і павіннасцей. Адзначаны 98 гаспадарскіх сёл, за цяглымі сялянамі замацаваны 612 валок ворнай зямлі, за гаспадарскімі фальваркамі — 89 валок. У Кобрыне адзначаны гарадскія раёны, вуліцы, 4 царквы.

У дадатку надрукаваны 4 дакументы з актавай кнігі браслаўскага земскага суда 1740—1749: дэкрэт вялікай княгіні Боны 1541, якім кобрынскай Спаскай царкве перададзены 2 надзелы зямлі; 3 судовыя прыгаворы 1747 па справе кобрынскага архімандрыта са шляхтай за права валодаць маёнткамі Хадынічы і Навасёлкі (ёсць звесткі з канца 14 ст.).

У прадмове С.Шаўковіча выкладзена гісторыя Кобрынскай эканоміі, Кобрына, Дабучына, Гарадца, прыведзены звесткі пра валочную памеру, павіннасці насельніцтва, праваслаўныя цэрквы Кобрына, Лепясоўскі манастыр, заўвагі пра мову апублікаванай кнігі. Публікацыя забяспечана асабовым, геаграфічным і прадметным паказальнікамі. Выданне — каштоўная крыніца па сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі, гістарычнай геаграфіі і анамастыцы.

© Валерый Пазднякоў, 2001+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.