Артыкулы: Скорабагаты (Войшка-Скорабагаты) Аляксандр Дыянісій

Скорабагаты (Войшка-Скорабагаты) Аляксандр Дыянісій (6.9.1639—20або 24.8.1699) — ваенны дзеяч ВКЛ, мемуарыст.

З шляхецкага роду герба «Радван». Бацька: Тэадор Ян, уласьнік в. Вошкавічы / Войшкавічы ў Троцкім ваяводстве.

Пасля смерці бацькоў С. апекваліся яго браты Станіслаў (езуіт) і Андрэй Казімір (скарбны ВКЛ, падваявода, пісар земскі троцкі). У 1648—1650 вучыўся ў Віленскай акадэміі.

У 1654 уступіў у войска ВКЛ – у дывізію левага крыла пад камандаваннем польнага гетмана ВКЛ Вінцэнта Гасеўскага. Стаў таварышам гусарскай харугвы. Удзельнічаў у бітвах Паўночнай вайны 1655—1660: супраць шведскіх і брандэнбургскіх войск каля Просткаў (8.10.1656) і Філіпава (22.10.1656), у выправе на шведскія Інфлянты, у аблозе Парнавы. Пасля перайшоў у сапегаўскую дывізію правага крыла пад камандаваннем Аляксандра Гілярыя Палубінскага, якая ваявала з венгерскімі войскамі Юрыя ІІ Ракацы. Удзельнічаў у бітве пад Магеравым (9.7.1657), быў паранены. Удзельнічаў у баях за Менск (чэрвень 1658), пад Мядзелем (7.2.1659), у выправе ў Курляндыю 1659, у час якой былі ўзяты ў шведаў замкі Піля, Гульдынга, Шкрунды, Грубім, Мітава, Боўск. Удзельнічаў у Палонкаўскай бітве (28.6.1660), аблозе Магілёва (жнівень—верасень 1660), бітве на р. Бася (8.10.1660). Пасля ў панцырнай харугві левага крыла Гасеўскага. У 1661 удзельнічаў у баях над Дзвіной, у выправе ўглыб расійскіх земляў. Паранены ў Кушліцкай бітве (7.10.1661). У 1663 удзельнічаў у выправе на Маскву, за Дняпро да Карачава, у бітве пад Віцебскам (16.6.1664). У 1669 атрымаў урад падчашага. Удзельнік Хацінскай бітвы 1673, паходаў супраць туркаў і татараў на Украіну ў 1674—1676, пераможнай бітвы з татарамі каля Зінкава на Падоллі (26.11.1683).

Падчашы дорпацкі ў 1669—1676, гараднічы гарадзенскі з 1676.

У канцы жыцця на аснове ранейшых запісаў апрацаваў мемуары ў форме дзённіка, у якіх апісаў падзеі ад свайго нараджэння. Апошнія запісы да 1710 зрабіў сын С. Тэадор Мікалай і, відаць, зяць Казімір Макрэцкі. Успаміны С. — важная крыніца па гісторыі ваенных падзей другой паловы 17 ст. Рукапіс мемуараў зберагаецца Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх.

Маёнткі: Дэкшагола (Упіцкі пав.) — ад першай жонкі.

Трымаў в. Звяраны і Хадзікоўшчына ў Гарадзенскай эканоміі, урочышча Крывое там жа — ад другой жонкі.

Жонкі: 1-я – Канстанцыя з Вольскіх (?—17.7.1675, шлюб 15.2.1670, бацька: Геранім Вольскі); 2-я – Барбара Аляксандра з Гласкоўскіх (?—пасля 28.10.1699, шлюб 13.2.1678, удава па Марцыяне Гурскім).

Сыны (ад 1-й жонкі): Тэадор Мікалай (1671—1710), Казімір (1673—1675), (ад 2-й жонкі): Станіслаў (?—1710).

Дачка (ад 2-й жонкі): Кацярына (мужы: Казімір Макрэцкі, Ліпніцкі (1712)).

Творы:

Skorobohaty Aleksander D. Diariusz / Opracował Tadeusz Wasilewski. Warszawa: DiG, 2000. 186 s., il.

Skorobohaty Aleksander D. Diariusz / Opracował Tadeusz Wasilewski. Warszawa: DiG, 2004. 186 s., il.

Падрабязнасці:

Wasilewski Tadeusz. Skorobohaty Aleksander Dionizy // PSB. 38/2. S. 263—265.

Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy. Tom IX. Urzędnicy inflanccy XVI—XVIII wieku. Spisy / Opacowali Krzysztof Mikulski, Andrzej Rachuba. Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 1994. 292 s.

Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.

Козловская Н.В. Дневник гродненского городничего А.Скоробогатого сквозь призму биографического подхода // Гістарыяграфія і крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі: традыцыі і навацыі. Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск: Беларуская навука, 2018. 322 с. (С. 253—259).

© Валерый Пазднякоў, 2006+

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.