Артыкулы: Соф’я Вітаўтаўна
Соф’я Вітаўтаўна (каля 1371—5.7.1453), вялікая княгіня маскоўская. Дачка вял. князя літоўскага Вітаўта і яго 2-й жонкі смаленскай княжны Ганны Святаслаўны, жонка маскоўскага вял. кн. Васілія І, маці Васілія ІІ. Сасватана Васілём І у 1390, калі Вітаўт з сям’ёй знаходзіўся ў выгнанні ў сталіцы Нямецкага ордэна Мальбарку. Праз Пскоў і Ноўгарад прыбыла ў Маскву, шлюб адбыўся 1.9.1391. С.В. неаднаразова адведвала бацькоў у ВКЛ. Дзякуючы яе шлюбу паміж ВКЛ і Масквой усталяваліся працяглыя мірныя адносіны. У 1417 Васіль І у сваім завяшчанні перадаваў трон малалетняму сыну Васілю, апекунамі над ім і С.В. прызначаліся Вітаўт і ўдзельныя рус. князі. Васіль І памёр 27.2.1425 і намінальна перадаў уладу сыну Васілю ІІ. На чале маскоўскага ўрада стала С.В., якая павяла ўзброеную барацьбу з прэтэндэнтамі на трон Юрыем Дзмітрыевічам (братам Васіля І), яго сынамі Дзмітрыем Шамякам і Васілём Касавокім. Спярша Юрый Дзмітрыевіч быў вымушаны адмовіцца ад сваіх прэтэнзій, але ў 1433 захапіў маскоўскі трон. С.В. ўцякла ў Цвер, пасля ў Кастраму, дзе была зняволена. Пасля смерці Юрыя ў 1434 Васіль ІІ зноў заняў трон. У міжусобную барацьбу былі ўцягнуты і татары. У 1446 С.В. была вымушана за вялізныя грошы выкупіць Васіля ІІ з татарскага палону. Васіль Шамяка ў 1446 зняволіў С.В. і выслаў яе ў Чухламу, потым у Каргапаль, але па патрабаванні Васіля ІІ адпусціў. У 1451 С.В. ўдзельнічала ў абароне Масквы ад татараў. Перад смерцю прыняла манаства з імем Ефрасіння. Малодшая яе дачка Анастасія была аддадзена замуж за Аляксандра Уладзіміравіча, заснавальніка роду князёў Алелькавічаў (Слуцкіх). Вобраз энергічнай і смелай правіцельніцы С.В. шырока адлюстраваны ў мастацтве. Іл. гл. таксама ў т. 1, с. 12.
Літаратура:
Аверьянов К.А. Великая княгиня московская Софья Витовтовна // Наш радавод. Гродна, 1991. Кн. 3, ч. 3;
Клочков М. София Витовтовна // Русский биографический словарь. Смеловский—Суворина. М., 1999.
© Валерый Пазднякоў, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


