Артыкулы: базыльяне
базыльяне, манахі грэка-каталіцкага (уніяцкага) ордэна св. Васіля (Базыля) Вялікага (лац. OrdoSanctiBasiliiMagni, OSMB). Узнік пасля абвяшчэння Берасцейскай уніі 1596 з правасл. манахаў, якія прынялі унію. Стваральнік ордэна Б. — уніяцкі мітрапаліт І.Руцкі. У 1607 ён з дапамогай І.Кунцэвіча пачаў выхаваўчую працу сярод паслушнікаў у падначаленым яму Віленскім Троіцкім манастыры, у 1615 атрымаў папскі дазвол на пасылку манахаў на вучобу ў папскія алюмнаты ў Вільню, Бранева, Прагу, Оламаўц, Вену, у Грэчаскі калегіум у Рыме. У 1616 арганізаваны першы базыльянскі навіцыят у Быценскім Успенскім манастыры. У 1617 у Новагародку адбылася 1-я генеральная капітула (кангрэгацыя) базыльянскіх манастыроў ВКЛ, на якой быў прыняты статут, распрацаваны Руцкім на аснове правіл св. Васіля на ўзор статутаў рымска-каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Была ўтворана Віленская (Літоўская) кангрэгацыя Св. Тройцы, якая аб’яднала манахаў 5 падначаленых Руцкаму манастыроў. Руцкі быў абраны першым протаархімандрытам (генералам) ордэна. Рэформа была зацверджана ў 1624 Кангрэгацыяй прапаганды веры і ў 1631 папам Урбанам VIII. Для ўмацавання ордэна Б. папа Павел V у 1613 дазволіў прымаць у яго католікаў лацінскага абраду (са зменай абраду на ўсходні). Згодна з прывілеем 1635 караля Уладзіслава IV епіскапамі грэка-каталіцкай царквы маглі выбірацца толькі манахі-Б., што яшчэ больш узмацніла пазіцыі ордэна. У 1622 у Віленскай кангрэгацыі было 13 манастыроў, у 1648 — 39 манастыроў. Замойскі сабор 1720 пастанавіў базыльянскія манастыры Луцкай, Уладзімірскай, Холмскай, Львоўскай і Перамышльскай дыяцэзій аб’яднаць у асобную правінцыю, што рэалізавана на генеральнай капітуле 1739 у Львове, якая стварыла Рускую (Польскую, або Каронную) кангрэгацыю Пакрова Багародзіцы. Генеральная капітула 1743 у Дубне згодна з брэве папы Бенядзікта XIV ад 27.12.1742 злучыла абедзве кангрэгацыі ў адзін манаскі ордэн, які складаўся з 2 правінцый (былых кангрэгацый) — Літоўскай і Польскай. Протаархімандрыт Б. выбіраўся з прадстаўнікоў абедзвюх правінцый па чарзе. Сваім брэве ад 11.5.1744 папа Бенядзікт XIV даў Б. афіцыйную назву «Рускі ордэн святога Васіля Вялікага» (лац. OrdoSanctiBasiliiMagniRuthenorum, праіснавала да 1932). У 1744—48 Б. мелі ў Літоўскай правінцыі 66 манастыроў і 446 манахаў, у Польскай правінцыі — 122 манастыры і каля 650 манахаў; непасрэдна кіеўскаму мітрапаліту была падначалена асобная Супрасльская архімандрыя з 2 рэзідэнцыямі і 30 манахамі. У 1773 у Літоўскай правінцыі 72 манастыры і 612 манахаў. Найбуйнейшымі з іх былі Полацкі, Жыровіцкі, Менскі, Віцебскі, Беразвецкі, Барунскі, Быценскі. Рэзідэнцыя протаархімандрыта Б. была ў Тараканскім манастыры, рэзідэнцыя літоўскага правінцыяла (кіраўніка правінцыі) — у Віленскім Троіцкім манастыры. Паводле статута 1658 протаархімандрыт ордэна абіраўся на генеральнай капітуле на 4 гады і падпарадкоўваўся кіеўскаму мітрапаліту. Вышэйшым органам улады Б. была генеральная капітула (кангрэгацыя), якая склікалася не радзей, чым раз у 4 гады і на якой павінен быў прысутнічаць кіеўскі мітрапаліт, архіепіскапы і епіскапы, протаархімандрыт, настаяцелі манастыроў, выбраныя прадстаўнікі ад кожнага манастыра. Б. актыўна займаліся справай асветы, утрымлівалі шматлікія базыльянскія школы. Сярод іх былі ўнутраныя базыльянскія школы, публічныя школы і калегіумы, епархіяльныя духоўныя семінарыі. Друкарні Б. былі ў Вільні, Супраслі, Менску, Львове, Пачаеве. У 1628—1800 у іх выдадзена каля 1080 кніг у асн. на польскай, лац., царк.-слав. мовах, каля 40 % складала свецкая л-ра.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) генеральная капітула ў Тараканях у 1780 стварыла 2 новыя правінцыі Б.: Беларускую св. Мікалая, якая аб’яднала манастыры, што адышлі да Рас. імперыі, і Галіцкую Найсвяцейшага Спаса, у якую ўвайшлі манастыры, што апынуліся ў Аўстрыі. Манастыры ў Беларускай правінцыі рас. ўлады падначалілі полацкаму архіепіскапу, кантакты з уладамі ордэна Б. ў Рэчы Паспалітай былі забаронены. У 1804 пасада протаархімандрыта скасавана, а ўсе манастыры Б. падначалены мясц. епіскапам. У час правядзення палітыкі скасавання уніі ў 1830-я г. базыльянскія манастыры ў Рас. імперыі былі скасаваны або пераўтвораны ў праваслаўныя.
Існавала жаночая галіна ордэна. У ВКЛ першыя манастыры базыльянак утварыліся ў выніку дзейнасці Руцкага каля 1610 у Вільні і Быцені (апошні хутка быў перанесены ў Пінск). У сярэдзіне 17 ст. яны існавалі ў Вільні, Новагародку, Менску, Гародні, Полацку, Оршы, Пінску, Падборцах каля Дубны, пасля з’явіліся ў Віцебску (1697) і Мазалаве (1727). У 1772 у Рэчы Паспалітай было 25 манастыроў базыльянак і каля 200 манашак. У адрозненне ад Б. манастыры базыльянак не ўтваралі цэнтралізаванай арганізацыі і дзейнічалі аўтаномна, падпарадкоўваліся мясц. епіскапам.
Літаратура:
Петров Н. Очерк истории базилианского ордена в бывшей Польше // Тр. Киевской духовной академии. 1870. Т. 2—4; 1871. Т. 1—3. 1872. Т. 1;
Коялович М.О. История воссоединения западнорусских униатов старых времен. СПб., 1873;
Kłoczowski J. Wspólnoty chrześcijańskie. Kraków, 1964;
Szegda M. Działalność prawno-organizacyjna metropolity Józefa IV Welamina Rutskiego (1613—1637). Warszawa, 1967;
Pidłypczak-Majerowicz M. Bazylianie w Koronie i na Litwie: Szkoły i książki w działalności zakonu. Warszawa; Wrocław, 1986;
Казуля С.В. Чын св. Базыля ў расійскай гістарыяграфіі ХІХ—пач. ХХ стст. // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3;
Новицкая-Ежова А. Орден базилиан и его культурно-просветительская деятельность на украинско-белорусско-литовских землях Речи Посполитой // Славяноведение. 1996. № 2;
Клімаў С. Базыльяне на землях Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVIII ст. // Бел. гіст. агляд. 1996. Сш. 2;
WeredaD. Bazylianie w unickiej diecezji brzeskiej w XVIII wieku // Białoruskie zeszyty historyczne. 2003. Z. 19.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


