Артыкулы: Балаклай
Балаклай (Булаклай, Буклай), міфічны татарскі хан, які быццам жыў у 13 ст. У літ.-бел. летапісах названы заволжскім царом, г. зн. ханам Вял. арды. Запатрабаваў да вял. князя літоўскага Скірмунта (у Еўраінаўскім летапісу — Шкварна), каб той утрымліваў татарскіх баскакаў у сваіх гарадах і плаціў даніну, якую раней давалі татарам рускія князі. У адказ Скірмунт загадаў паслам Б. адрэзаць насы, губы і вушы. Б. узначаліў вял. паход супраць Скірмунта, разрабаваў рус. землі. Скірмунт спаткаў татарскае войска на граніцы сваіх уладанняў, каля Койданава. У бітве татарскае войска было разбіта, а сам Б. загінуў. Пасля бітвы Скірмунт узяў гарады Мазыр, Чарнігаў, Старадуб, Карачаў. Легендарны расказ летапісаў быў расквечаны некаторымі падрабязнасцямі гісторыкам 16 ст. М.Стрыйкоўскім. Напад Б. ён аднёс да 1221 і выказаў меркаване, што на Чорным моры Б. заклаў замак, які назваў сваім імем Балаклай. Крыніцай для ўтварэння імя Б. паслужыла, магчыма, імя Балай з Іпацьеўскага летапісу — военачальніка («багатыра») хана Батыя.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


