Артыкулы: Скарбовая камісія Вялікага княства Літоўскага

Скарбовая камісія Вялікага княства Літоўскага (Эканамічная рада скарбу Вялікага княства Літоўскага) — цэнтральны калегіяльны орган улады ВКЛ па кіраванні фінансамі і дзяржаўным скарбам.

Створана пастановай каранацыйнага сойма 16.5.1764 на ўзор падобнай камісіі Кароны Польскай з мэтай абмежавання ўлады вял. і надворнага падскарбіяў, а таксама для лепшага кіравання фінансамі і прымнажэння дзярж. даходаў. Дзейнічала ў Гародні з 1.1.1765. Старшынствавалі па чарзе вял. падскарбі ВКЛ М.Бжастоўскі і надворны падскарбі ВКЛ А.Тызенгаўз. У складзе камісіі 2 сенатары (кашталяны троцкі Т.Агінскі і смаленскі Т.Бучынскі), 7 камісараў ад шляхты (Тызенгаўз, Г.Аскерка, С.Алендскі, Я.Н.Гараін, Т.Юндзіл, М.Вазгірд, З.Віславух). Падпарадкоўвалася сойму. Дзейнічала праз бюро з 12 службоўцаў. Распараджалася мытнымі каморамі, поштай, гандлёвымі шляхамі, рачнымі перавозкамі, зборам пагалоўнага (з яўрэяў) і падымнага падаткаў, падаткаў з бровараў, наглядала за аднастайнасцю мераў і вагаў. У 1765—69 праводзіла люстрацыю каралеўшчын разам з рэвізіяй правоў на іх трыманне, займалася вызначэннем кварты са старастваў і размежаваннем зямель. Для выканання ўласных пастаноў мела вайсковую каманду або патрабавала дапамогі ад гетманаў. Сесіі камісіі праходзілі ў Гародні двойчы на год па 6 тыдняў. Да 1780 камісіяй бескантрольна распараджаўся каралеўскі фаварыт Тызенгаўз, які меў больш як на 800 тыс. злотых доўгу, што патраціў на ўтрыманне палітычна залежнай кліентуры і прамысловае прадпрымальніцтва ў каралеўскіх эканоміях. У 1786 у складзе камісіі ўтвораны тытунёвы дэпартамент (24 чал.), у 1791 — гарбарны (583 чал. разам з мытнымі зборшчыкамі). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 камісія 29.10.1791 добраахвотна дэлегавала свае паўнамоцтвы запланаванай Скарбовай камісіі абодвух народаў. Адноўлена 23 ліст. Гарадзенскім соймам 1793 у складзе 6 чал. (Ю.Несялоўскі, Ю.Важынскі, Б.Марыконі, Ф.Букаты, І.Лахніцкі, М.Нелюбовіч). Апошні старшыня М.К.Агінскі. Самараспусцілася 9.5.1794, яе члены ў большасці далучыліся да паўстання 1794.

Літаратура:

Volumina Legum. T. 7—8. 2 wyd. Petersburg, 1860; T. 10. Poznań, 1952;

Puciatowa M. Rzut oka na dzieje Komisji Skarbu Rzeczypospolitej W. Ks. Litewskiego za rządów targowickich i sejmu grodzieńskiego // Księga pamiątkowa koła historyków słuchaczy uniwersytetu Stefana Batorego w Wilnie, 1923—1933. Wilno, 1933;

Żytkowicz L. Stosunki skarbowe W. Ks. Litewskiego w dobie insurekcji Kościuszkowskiej // Ateneum Wileńskie. 1935. R. 10;

Drozdowski M. Podstawy finansowe działalności państwowej w Polsce 1764—1793: Działalność budżetowa Sejmu Rzeczypospolitej w czasach panowania Stanisława Augusta Poniatowskiego. Warszawa; Poznań, 1975.

© Яўген Анішчанка, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.