Артыкулы: чопавае
чопавае, падатак з вырабу і продажу моцных напіткаў у Польшчы і ВКЛ.
У Польшчы вядома з 13 ст. як дзярж. падатак з вырабу і рэалізацыі піва, мёду, гарэлкі, віна ў корчмах, броварах, шынках, млынах, лазнях усіх тыпаў уладанняў. У ВКЛ у 15—16 ст. называлася капшчына. У выніку прадастаўлення прыватным землеўладальнікам права вольнай прапінацыі (1576) Ч. пачало збірацца толькі з дзярж. уладанняў і іх трымальнікаў. Традыцыйна Ч. ішло на ўтрыманне войска. У 17—18 ст. прыносіла 8—9% даходаў скарбу ВКЛ. Ч. збіралі спец. паборцы (экзактары, правізары, камісары). У гарадах іх прызначалі з бурмістраў і радцаў, у вёсках — з войтаў, лаўнікаў, арандатараў па вызначэнні дзяржаўцаў, ваявод і судовых старастаў. Падаткам не абкладаўся выраб напіткаў на хатнія патрэбы. Сойм 1766 увёў для ВКЛ Ч. ў памеры 10% ад кошту напіткаў у кожнай карчме і шынку пад прысягай вытворцаў і ўласнікаў. З 1.3.1768 гэты падатак быў павінен замяніць падымнае, для чаго назначалася генеральная люстрацыя вытворчых і гандлёвых пунктаў пад наглядам скарбовых экзактараў і з выкарыстаннем вайсковай дапамогі. Сойм 1775 пашырыў збіранне Ч. з усіх відаў він, у т.л. замежных, і ўвёў адзіную стаўку абкладання напіткаў пры захаванні за шляхтай свабоды рознічнага гандлю імі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі у канцы 18 ст. Ч. заменена на вінакурную пошліну, зыходзячы з колькасці рэвізскіх душ у землеўладаннях.
Літаратура:
Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. Киев. 1901;
Pawіńskі A. Skarbowość w Polsce і jej dzieje za Stefana Batorego. Warszawa, 1881;
Korzon T. Wewnętrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta (1764—1794). T. 3—4. 2 wyd. Kraków; Warszawa, 1897;
Fіlіpczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.
© Яўген Анішчанка, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


