Артыкулы: Лугвен
Лугвен (Лугвень, Лiнгвен, Лангвен; у праваслаўi Сямён) (каля 1355—1431) — князь у ВКЛ.
Чацвёрты сын вял. кн. Альгерда ад яго 2-га шлюбу з цвярской князёўнай Ульянай. Удзельнiчаў у падпiсаннi ў Троках мiру з Тэўтонскiм ордэнам (29.9.1379). 14.10.1385 разам з iнш. князямi падпiсаў Крэўскую унiю 1385. Удзельнiчаў у Мсцiслаўскай бiтве 1386 з вял. князем смаленскiм Святаславам. У 1389—92 князь у Вял. Ноўгарадзе. Склаў тайна ад наўгародцаў прысягу Ягайлу як сюзерэну Ноўгарада. У 1390 спрабаваў далучыць да Ноўгарада Пскоў. Пад нацiскам Масквы з’ехаў з Ноўгарада, у 1392 атрымаў ад Ягайлы Мсцiслаўскае княства. У 1396 пасрэднiчаў у аднаўленнi гандлёвага дагавора памiж Полацкам i Рыгай; разбiў войска разанскага кн. Алега, якi дапамагаў вял. князю смаленскаму Юрыю Святаславiчу абараняць незалежнасць Смаленскага княства ад ВКЛ. У 1402 разбiў разанцаў пад Любуцкам, захапiў у палон кн. Радаслава Алегавiча. У 1403 пры падтрымцы Вiтаўта захапiў Вязьму, у 1404 захапiў i далучыў да ВКЛ Смаленск. У 1407 удала дзейнiчаў у Вярхоўскiх княствах, далучыў да ВКЛ Варатынск. У 1407 зноў запрошаны ў Ноўгарад i княжыў там да 1412. Відаць, адначасова ў 1408—11 быў велiкакняжацкiм намеснiкам у Смаленску. З наўгародскiмi атрадамi ўдзельнiчаў у Вялiкай вайне 1409—11 супраць Тэўтонскага ордэна, у крытычны момант Грунвальдскай бiтвы 1410 мужнасць мсцiслаўскай, аршанскай i смаленскай харугваў ВКЛ на чале з Л. выратавала саюзныя армii ад разгрому крыжакамi. Удзельнiчаў у падпiсаннi Тарунскага мiру 1411. У 1411 кiраваў адбiццём шведскай агрэсii ад Ноўгарада, заключыў ад iмя Ноўгарада дагавор з Ягайлам супраць крыжакоў. У 1412 з-за маскоўскiх iнтрыг выехаў з Ноўгарада ў Мсцiслаў. У 1430—31 у барацьбе Свiдрыгайлы з Жыгiмонтам Кейстутавiчам падтрымлiваў першага. Заснаваў каля Мсцiслава Ануфрыеўскi манастыр (1407). Ад 1-й жонкi Марыi (?—1399), дачкi вял. князя маскоўскага Дзмiтрыя Данскога, меў сына Юрыя, ад 2-й (iмя невядомае) — сына Яраслава (гл. Мсцiслаўскiя).
© Алесь Белы, 2006
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


