Артыкулы: Людвiк I Вялiкi

Людвiк I Вялiкi (Lajos I Nagy, Ludwik I Wielki; 5.3.1326—11.9.1382) — кароль венгерскi ў 1342—1382 i польскi ў 1370—1382.

З французскай дынастыi Анжу. Сын венгерскага караля Карла (Роберта) Анжуйскага i Эльжбеты, сястры польскага караля Казiмiра III. З 1335 спадкаемца польскага трона. З 1340 дапамагаў Казiмiру III у барацьбе за Галiцка-Валынскае княства, дбаючы пры гэтым пра венгерскiя iнтарэсы, што выклiкала яго сутыкненне з валынскiм кн. Любартам. У лют. 1345 у складзе войска крыжакоў удзельнічаў у беспаспяховым паходзе на Вялену, Бісену і Трокі. Прымаў удзел у паходах Казiмiра на Валынь, Падляшша i Берасцейшчыну ў 1349—51, у час якiх венгерскiя войскi часова авалодалi паўд.-зах. землямi ВКЛ. Асаблiва няўдалай для ВКЛ была вайна ў лiп.—жн. 1351, калi Л. I захапiў у палон Любарта i Кейстута. 15.8.1351 Л. I прымусiў iх падпiсаць дагавор, паводле якога ВКЛ павiнна было заплацiць вял. выкуп i адмаўлялася ад прэтэнзiй на Галiччыну. Кейстут разам з Л. I адправiўся ў Венгрыю як гарант дагавора i для хрышчэння, але здолеў уцячы. У 1354 Л. I паранены пры аблозе крэпасцi ВКЛ Белз на Валынi. Пасля заняцця польскага трона Л. I зноў пачаў войны з ВКЛ (1372—77), у вынiку iх Белз i Холм далучаны да Галiччыны, якая пры Л. I часова ўвайшла ў склад Венгрыi, а Любарт, як i падольскiя князі Аляксандр i Барыс Карыятавiчы i ратненскi кн. Фёдар Альгердавiч (якому належаў i Кобрын з акругай), быў вымушаны прызнаць сюзерэнiтэт Венгрыi. Л. I некалькi разоў прапаноўваў праекты хрысцiянiзацыi Лiтвы, iнiцыiраваў стварэнне ў 1375 каталiцкага Луцкага бiскупства, юрысдыкцыя якога ахапiла i паўд.-зах. землi Беларусi, на якiя ў 14—18 ст. пашыралiся венгерскiя экспансiянiсцкiя планы. Праўленне Л. I супала з «залатым векам» еўрап. рыцарства, да пашырэння iдэалогii i эстэтыкi якога ў Цэнтр i Усх. Еўропе ён iстотна прычынiўся. Пры iм дасягнулi росквiту эканоміка i культура ў Венгрыi: адчынены ун-т у г. Печ, пачаў чаканiцца залаты дукат, якi ў 14—16 ст. адыгрываў ролю рэгiянальнай залатой валюты Цэнтр. i Усх. Еўропы, у т.л. Беларусi. Выдадзены Л. I у 1374 агульнапольскi Кошыцкi прывiлей гарантаваў шляхце ўзровень iмунiтэту, якiм дагэтуль карысталiся толькi вышэйшыя феадалы (асабiстая недатыкальнасць, сiмвалiчныя падаткi на карысць дзярж. скарбу i iнш.). Гэта дало пачатак шляхецкаму дзярж. ладу Польшчы, а пазней i ВКЛ. Пасля смерцi Л. I польскай каралевай абрана яго дачка Ядвiга, аддадзеная пазней замуж за вял. князя літоўскага Ягайлу.

Лiтаратура:

Historiae Hungaricae Fontes Domestici. Vol. 3. Lipsiae, 1884;

Dąbrowski J. Ostatnie lata Ludwika Wielkiego, 1370—1382. Kraków, 1918;

Halecki O. O genezie i znaczeniu rządów andegaweńskich w Polsce // Kwartalnik historyczny. 1921. R. 35;

Sacerdoteanu A. Lupta moldovenilor cu litvanii in 1377. Bucureşti, 1936;

Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987.

© Алесь Белы, 2006

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.