Артыкулы: Бантыш-Каменскі (Бантыш-Каменский) Мікалай Мікалаевіч

Бантыш-Каменскі (Бантыш-Каменский) Мікалай Мікалаевіч [16(27).12.1737, г. Нежын, Украіна—20.1(1.2).1814], расійскі архівіст, гісторык. Паходзіў з сям’і малдоўскіх баяр, што выехалі ў 1711 з Малдовы з гаспадаром Дзмітрыем Кантэмірам. Вучыўся ў Нежынскай грэчаскай школе, Кіева-Магілянскай акадэміі (1745—54), Маскоўскім ун-це (з 1755). З 1762 актуарыус, з 1783 упраўляюшчы Архіва Калегіі замежных спраў. Склаў вял. колькасць вопісаў архіўных фондаў і аглядаў архіўных дакументаў па пэўных тэмах, у т.л. фондаў 79/1 «Зносіны Расіі з Польшчай», 64/1 «Зносіны Расіі з Ліфляндыяй і Эстляндыяй», 63/1 «Зносіны Расіі з Курляндыяй». Склаў працу «Выпіска грунтоўная пра выбар на польскі пасад кандыдата ў выпадку смерці Аўгуста II і пра выбранне потым у каралі сына яго Аўгуста III». У 1780—84 напісаў 5-томную працу «Дыпламатычны збор спраў паміж Расійскім і Польскім дварамі з самага іх пачатку па 1700 год» («Дипломатическое собрание дел между Российским и Польским дворами с самого оных начала по 1700 год»), якую выкарыстаў М.М.Карамзін пры напісанні «Гісторыі дзяржавы Расійскай». У 19 ст. гэтыя працы Б.-К. часткова надрукаваны ў серыйным выданні «Помнікі дыпламатычных зносін Старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі». Па даручэнні обер-пракурора Сінода А.І.Мусіна-Пушкіна напісаў кнігу «Гістарычнае паведамленне пра унію, што ўзнікла ў Польшчы, з паказаннем пачатку і найважнейшых, у працяг яе, праз два стагоддзі, здарэнняў» («Историческое известие о возникшей в Польше унии, с показанием начала и важнейших, в продолжении оной, чрез два века, приключений», М., 1805). Кніга, напісаная з пазіцый расійкага ўрада, які імкнуўся да скасавання уніяцкай царквы, доўгі час захоўвала палітычнае значэнне для ўрада і двойчы была перавыдадзена (Вільня, 1864, 1866). Пераклаў на рус. мову «Гісторыю Расіі пры Пятры Вялікім» Вальтэра (1761), выдаў дапаможнік па філасофіі «Elementa philosophiae recentioris» (1777), граматыку грэчаскай мовы «Grarnmatica graecae sive institutionum linguae graecae» (Лейпцыг, 1779; 2-е выд. 1785). Выдаў «Дзённыя запіскі святога чудатворца Дзімітрыя, мітрапаліта Растоўскага» (1781), удзельнічаў у выданні «Слова пра паход Ігара» (1800).

Творы:

Памятники дипломатических сношений древней России с Римской империей, 1488—1599. СПб., 1851—52;

Переписка между Россией и Польшей по 1700 г. (1487—1645). М., 1862, ч. 1—3;

Реестр делам Крымского двора с 1474 по 1799 года, учиненный Н.Н.Бантыш-Каменским в 1808 г. Симферополь, 1893;

Обзор внешних сношений России (по 1800 год). СПб., 1894—1902. Ч. 1—4;

Бантыш-Каменский Н.Н. Реестры греческим делам Московского архива Коллегии иностранных дел: Российский государственный архив древних актов. Фонд 52. Опись 1. М., 2001.

Літаратура:

[Бантыш-Каменский Д.Н.] Жизнь Николая Николаевича Бантыш-Каменского. М., 1818;

Белокуров С.А. По поводу материалов для русской библиографии, собранных Н.Н.Бантыш-Каменским // Книговедение. 1894. № 11;

Здобнов Н.В. История русской библиографии: (от древнего периода до начала XX в.). Т. 1. М., 1944;

Кобленц И.Н. Н.Н.Бантыш-Каменский (1737—1814) и его материалы по русской библиографии // Теория и история библиографии. М., 1969;

Козлова Н.А. Н.Н.Бантыш-Каменский и некоторые вопросы актовой археографии второй половины XVIII в. // Археографический ежегодник за 1977 год. М., 1978;

Яе ж. Труды Н.Н.Бантыш-Каменского по истории России // Россия на путях централизации. М., 1982;

Моисеева Г.Н. Древнерусская литература в художественном сознании и исторической мысли России XVIII в. Л., 1980.

© Валерый Пазднякоў, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.