Артыкулы: Агінскі Казімір Дамінік
Агінскі Казімір Дамінік (?—10.10.1733) — дзяржаўны дзеяч. Троцкі ваявода ў 1710—30, віленскі ваявода з 1730.
З роду Агінскіх. Сын Яна Агінскага і Іааны Тэадоры з Нарушэвічаў. Упершыню быў паслом на сойм у 1688. У канцы 17—пач. 18 ст. выступаў у шэрагах «рэспубліканцаў» супраць Сапегаў. У час Паўн. вайны 1700—21 актыўна супрацоўнічаў з Расіяй, быў удзельнікам Сандамірскай канфедэрацыі. У 1702 адзін з паслоў да шведскага караля Карла ХІІ, выступаў за заключэнне міра са Швецыяй шляхам саступак Рэчы Паспалітай. У 1712—15 заняў бок вял. гетмана ВКЛ Л.Пацея пад час канфлікту таго з Аўгустам ІІ. У крас. 1714 быў адным з паслоў Пацея да Пятра І з просьбай аб падтрымцы антыкаралеўскай канфедэрацыі. Потым стаў каралеўскім прыхільнікам. У 1726 маршалак Трыбунала ВКЛ. Разам з інш. Агінскімі прымаў актыўны ўдзел як саюзнік Сапегаў у барацьбе за «Нойбургскія маёнткі». Дзякуючы яго дапамозе пад час рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ 1731 удалося правесці выбар трыбунальскім маршалкам сапегаўскага прыхільніка А.Эперыяша. Дапамагаў Сапегам і пад час рэасумпцыі наступнага Трыбунала ВКЛ 1732. Пасля смерці ў 1733 Аўгуста ІІ выношваў планы атрымаць карону Рэчы Паспалітай. Пасля падтрымаў Станіслава Ляшчынскага.
Літаратура:
Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos Valstybė XII—XVIII a. Vilnius, 1997.
Мацук А.У. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў 20—пачатку 30-х гадоў XVIII ст. // Вестник ПГУ. Сер. А. Гуманит. науки. 2005. № 1.
© Андрэй Мацук, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


