Артыкулы: Агінскі Марцыян

Агінскі Марцыян (1672—29.10.1750) — дзяржаўны дзеяч. Мечнік ВКЛ у 1695—1703, віцебскі кашталян у 1703, віцебскі ваявода з 1730.

З роду Агінскіх. Сын Шымана Караля Агінскага і Тэадоры з Корсакаў. У 1693 першы раз быў паслом на сойм. У канцы 17—пач. 18 ст. выступаў у шэрагах «рэспубліканцаў» супраць Сапегаў, быў палкоўнікам Віцебскага ваяв. У час Паўн. вайны 1700—21 актыўна супрацоўнічаў з Расіяй, быў удзельнікам Сандамірскай канфедэрацыі. Шчыльна супрацоўнічаў з канцлерам ВКЛ К.С.Радзівілам. У 1712, 1718 і 1723 быў маршалкам Трыбунала ВКЛ. Разам з інш. Агінскімі прымаў актыўны ўдзел як саюзнік Сапегаў у барацьбе за «Нойбургскія маёнткі». Дапамагаў пад час рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ 1731 вбраць трыбунальскім маршалкам сапегаўскага прыхільніка А.Эперыяша. На наступны год з пратэстамі быў абраны трыбунальскім дэпутатам у Віцебску і імкнуўся стаць маршалкам Трыбунала. Маршалкам, аднак, пры дапамозе войск стаў саюзнік Радзівілаў канцлер ВКЛ і генеральны рэгіментар ВКЛ М.Вішнявецкі. Агінскія і Сапегі аспрэчылі яго права быць маршалкам, бо ў адсутнасці гетманаў ён кіраваў войскамі. У выніку дамовіліся скончыць справу «Нойбургскіх маёнткаў» шляхам перагавораў, а Вішнявецкі і Марцін Агінскі адмовіліся ад прэтэнзій на трыбунальскае маршалкоўства. У канцы 1720—пач. 1730-х г. А. быў адным з лідэраў антыкаралеўскай апазіцыі. Адначасова супрацоўнічаў з французскім і рас. пасламі. Антыкаралеўская апазіцыя і вял. гетман ВКЛ Л.Пацей бачылі А. будучым гетманам ВКЛ. Пад час бескаралеўя 1733—36 падтрымаў Станіслава Ляшчынскага. 5.4.1734 абраны маршалкам Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ у аброну Станіслава Ляшчынскага. У канцы 1730—пач. 1740-х г. супрацоўнічаў з Радзівіламі. Нягледзячы на гэта ў маі 1740 кансэнсусам скончыў судовую справу з Сапегамі наконт выплаты грошай за дапамогу Агінскіх у барацьбе за «Нойбургскія маёнткі». Пагадзіўся замест 150 тыс. злотых на 20 тыс. злотых, якія Сапегі павінны былі адразу і выплаціць. У 1741—43 у радзівілаўска-сапегаўскай барацьбе стараўся прытрымлівацца нейтралітэту. Больш прыхільна ставіўся да Радзівілаў і ў 1742 не дазволіў сыну Станіславу намагацца стаць дэпутатам і трыбунальскім маршалкам. Потым праяўляў малую актыўнасць ва ўнутрыпаліт. жыцці ВКЛ. Жанаты пачаргова быў з Тэрэзай з Бжастоўскіх, Тэрэзай з Тызенгаўзаў, Крысцінай з Абрамовічаў, Тэкляй Ганнай з Лярскіх. З 1-га шлюбу меў сыноў Ігната, Казіміра, Станіслава, Тадэвуша, Францішка Ксаверыя Алойзія і дачок Барбару, Марцыяну і Бенедыкту, з 2-га шлюбу — дачок Станіславу Тэрэзу і Юзэфу.

Літаратура:

Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos Valstybė XII—XVIII a. Vilnius, 1997.

Яго ж. Georgo von Lieweno misija Lietuvoje 1733 m. pavasarį: Rusijos bandymas iškelti jai priimtino «Piasto» kandidatūrą į Lenkijos ir Lietuvos valdovo sostą priešpaskutinio tarpuvaldžio metu // Istorijos Akiračiai. Vilnius, 2004.

Мацук А.У. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў 20—пачатку 30-х гадоў XVIII ст. // Вестник ПГУ. Сер. А. Гуманит. науки. 2005. № 1.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.