Артыкулы: Агінскі Тадэвуш Францішак

Агінскі Тадэвуш Францішак (26.08.1712—25.11.1783) — дзяржаўны дзеяч. Вял. пісар ВКЛ у 1737—44, троцкі кашталян у 1744—70, троцкі ваявода з 1770.

З роду Агінскіх. Сын віцебскага ваяводы Марціна Агінскага і Тэрэзы з Бжастоўскіх. У шэрагах антыкаралеўскай апазіцыі прымаў актыўны ўдзел у соймах 1732 і 1733. Пад час бескаралеўя 1733—36 падтрымаў Станіслава Ляшчынскага і камандаваў атрадамі канфедэратаў ва ўсх. Беларусі. Прызнаў Аўгуста ІІІ каралём на сойме 1736. Адмоўна сустрэў прапанову Радзівілаў дапамагчы яму заняць пасаду трыбунальскага маршалка ў 1738 і не планаваў гэтага ў далейшым. У 1739 атрымаў Ашмянскае гродавае стараства. Быў маршалкам сойма 1744. Не праяўляў вял. актыўнасці, каб сойм скончыўся прыняццем пастаноў аб павелічэнні войска ВКЛ, але і не перашкаджаў спробам іх зацвярджэння. Захоўваў нейтралітэт у барацьбе Чартарыйскіх і Радзівілаў у ВКЛ. Супрацоўнічаў з Радзівіламі толькі на працягу 1754—55. Быў лаяльным да каралеўскага двара, але адхіліў яго прапанову аб дапамозе ў заняцці пасады маршалка Трыбунала ВКЛ у 1759. У наступным годзе ў саюзе з «Фаміліяй» зрабіў маршалкам Трыбунала ВКЛ свайго сына Андрэя. Заставаўся лаяльным да каралеўскага двара. Пад час бескаралеўя 1763—64 падтрымаў Чартарыйскіх. Непрыхільна ставіўся да пасольства свайго сына Андрэя ў Пецярбурга ў справе злоўжыванняў рас. пасла М.В.Рапніна. У 1770 у якасці падзякі за Троцкае ваяв. дапамог каралеўскаму прыхільніку Д.Александровічу стаць трыбунальскім маршалкам. Імкнуўся ўхіліцца ад удзелу ў сойме 1773, які павінен быў зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. У 1776—78 уваходзіў у склад Пастаянай Рады. У 1781 і 1783 быў суддзёй у соймавых судах. Валодаў Маладзечнам, Ізабелінам і інш. Быў жанаты з 1737 з дачкой М.К.Радзівіла Ізабеле, з 1763 на Ядвізе з Залускіх. З 1-га шлюбу меў сыноў Андрэя і Францішка Ксаверыя.

Літаратура:

Konopczyński W. Polska w dobie wojny siedmioletniej. T. 1—2. Warszawa; Kraków, 1909—11.

Skibiński M. Europa a Polska w dobie wojny o suksecje austriacką. Т. 1—2. Kraków, 1912.

Pamiętnik Tadeusza Ogińskiego // Przegląd Historyczny. 1914. Z. 1.

Zielińska Z. Walka «Familii» o reformę Rzeczypospolitej, 1743—1752. Warszawa, 1983.

Мацук А.У. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў 20—пачатку 30-х гадоў XVIII ст. // Вестник ПГУ. Сер. А. Гуманит. науки. 2005. № 1

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.