Артыкулы: Агінскі Юзаф Ян

Агінскі Юзаф Ян (1700—6.12.1736) — дзяржаўны дзеяч. Мечнік ВКЛ у 1729—30, троцкі ваявода з 1730.

З роду Агінскіх. Сын Дамініка Агінскага і Элеаноры з Войнаў. Пад час дзеяння Тарнагродскай канфедэрацыі знаходзіўся ў атачэнні гетмана Л.Пацея і ў чэрв. 1717 абараняў яго ўцёкі ад канфедэратаў. У 1717—19 знаходзіўся ў Саксоніі. Разам з інш. Агінскімі прымаў актыўны ўдзел як саюзнік Сапегаў у барацьбе за «Нойбургскія маёнткі». Дапамагаў пад час рэасумпцыі Трыбунала ВКЛ у 1731 абраць трыбунальскім маршалкам сапегаўскага прыхільніка А.Эперыяша. У час бескаралеўя 1733—36 выступіў на баку Аўгуста ІІІ, перацягнуў на яго бок частку гарадзенскай шляхты. Камандаваў атрадам войска ВКЛ у барацьбе супраць прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага. У пач. 1734 прызначаны генеральным адміністратарам Скарба ВКЛ і займаў гэты ўрад да вяртання ў 1736 падскарбія ВКЛ Я.Салагуба. У шлюбе з Ганнай з Вішнявецкіх меў сына Міхала Казіміра.

Літаратура:

Sliesoriūnas F. Lietuvos Didžioji Kunigaikštystė 1733—1736 metų tarpuvaldžiu // Lietuvos Valstybė XII—XVIII a. Vilnius, 1997.

Яго ж. Georgo von Lieweno misija Lietuvoje 1733 m. pavasarį: Rusijos bandymas iškelti jai priimtino «Piasto» kandidatūrą į Lenkijos ir Lietuvos valdovo sostą priešpaskutinio tarpuvaldžio metu // Istorijos Akiračiai. Vilnius, 2004.

Мацук А.У. Род Радзівілаў ва ўнутрыпалітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў 20—пачатку 30-х гадоў XVIII ст. // Вестник ПГУ. Сер. А. Гуманит. науки. 2005. № 1.

© Андрэй Мацук, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.