Артыкулы: «Аповесць пра аблогу Мсціслава»

«Аповесць пра аблогу Мсціслава» — наратыўная крыніца аб Мсцiслаўскай бiтве 1386.

Напісаная відавочцам падзей, які падчас аблогі знаходзіўся ў Мсціславе. У аповесці ў яркай лаканічнай манеры расказваецца пра паход смаленскіх войск на чале з кн. Святаславам Іванавічам супраць ВКЛ з мэтай адваяваць Мсціслаў, які раней быў смаленскім уладаннем. Аблога Мсціслава ў крас. 1386 скончылася няўдачай. У бітве на р. Віхра 29 крас. смаляне былі разгромлены войскамі ВКЛ на чале са Скіргайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Князь Святаслаў Іванавіч загінуў. Яго сына Юрыя Святаславіча, захопленага ў палон, літвіны пасадзілі на княжанне ў Смаленску ў якасці васала ВКЛ. Каштоўнай з’яўляецца інфармацыя пра ўдзел палякаў у войску ВКЛ, што стала магчымым пасля заключэння Крэўскай уніі 1385. Аповесць істотна дапаўняе звесткі пра вайну 1386 у «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх». Магчыма, калі служылым наўгародскім князем у 1407 стаў мсціслаўскі князь Лугвен, пратограф аповесці трапіў у Ноўгарад. Найбольш блізкай да пратографа з’яўляецца пашыраная рэдакцыя аповесці з Наварасійскага, Галіцынскага і, відаць, Талстоўскага спісаў Наўгародскага 4-га летапісу, у якіх адлюстраваны наўгародскі звод 1428. Гэта ж рэдакцыя з нязначнымі розначытаннямі ўвайшла ў звод 1448, які паслужыў пратографам для спісаў аповесці ў складзе Наўгародскага Карамзінскага летапісу, Наўгародскага 4-га летапісу малодшай рэдакцыі і Сафійскага 1-га летапісу. На аснове Сафійскага 1-га летапісу старэйшай рэдакцыі ўзніклі спісы аповесці ў складзе маскоўскіх зводаў апошняй чвэрці 15 ст. і Друкарскага летапісу. Тэкст аповесці з Наўгародскага летапісу па спісе Дуброўскага паходзіць ад аднаго са спісаў Наўгародскага 4-га летапісу старэйшай рэдакцыі. Тэкст з Васкрасенскага летапісу 16 ст. — ад маскоўскага зводу 1479 альбо ад маскоўскага зводу канца 15 ст. Вядомы 4 скарочаныя рэдакцыі аповесці. Самая старажытная з іх, у складзе Рагожскага летапісца і Сімяонаўскага летапісу, відаць, была створана на аснове тэкста, блізкага да пашыранай рэдакцыі, якая ўвайшла ў звод 1428. На думку М.Дз.Прысёлкава і інш. даследчыкаў, Рагожскі летапісец адлюстроўвае агульнарускі мітрапаліцкі звод 1408 (пратограф Троіцкага летапісу) у цвярской апрацоўцы, зробленай каля 1413. Аднак у выпісках М.М.Карамзіна і ў інш. фрагментах загінуўшага Троіцкага летапісу не захавалася ніводнай цытаты з аповесці, таму пытанне аб першаснасці гэтага спісу ў адносінах да спісаў з Наўгародскага 4-га летапісу не можа быць вырашана. 2 скарочаныя рэдакцыі ўзніклі ў 2-й пал. 15 ст. на аснове Сафійскага 1-га і Друкарскага летапісаў. 4-я скарочаная рэдакцыя ў 2 варыянтах змешчана ў Ніканаўскім зводзе 16 ст. Яна з’яўляецца кампіляцыяй з больш ранніх пашыраных і скарочаных рэдакцый аповесці, але дапоўнена летапісным фрагментам невядомага паходжання пра зверствы смалянаў у адносінах да насельніцтва Мсціслаўшчыны.

Літаратура:

Ліцкевіч А.У. «Аповесць пра аблогу Мсціслаўля» канца XIV—пачатку XV стст. // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мн., 2007. Вып. 9.

© Алег Ліцкевіч, 2010

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.