Артыкулы: «Скрыпторэс рэрум палянікарум» («Scriptores rerum polonicarum»)
«Скрыпторэс рэрум палянікарум» («Scriptores rerum polonicarum») — серыйнае выданне наратыўных і эпісталярных крыніц па гісторыі Кароны Польскай і ВКЛ.
Ажыццёўлена Гіст. камісіяй Кракаўскага навуковага таварыства, заснаванай у 1870 (пазней Гіст. камісія АН у Кракаве). У 1872—1917 выйшлі 22 тамы (у іх ліку 5 першых тамоў серыі «Архіў Гістарычнай камісіі»). Змешчаны дыярыушы вальных соймаў Кароны Польскай (пасля 1569 — Рэчы Паспалітай) 1548, 1553, 1570 (т. 1), 1582, 1585 (т. 18), 1587 (т. 11), 1592 (т. 21), 1597 (т. 20); матэрыялы павятовых соймікаў і з’ездаў шляхты ВКЛ, скліканых перад соймам 1597: Віленскага, Ашмянскага, Лідскага, Слонімскага пав., Берасцейскага ваяв. (т. 20); інструкцыя Ковенскага сойміка паслам на сойм 1657 (т. 3). Апублікавана заключная частка хронікі Бярнарда Вапоўскага за 1480—1535 (т. 2). З інш. крыніц важнейшыя: твор Вапоўскага «Пра вайну, якую вёў польскі кароль Жыгімонт І супраць маскавітаў у 1508 годзе» (т. 15); 2 дыярыушы Венскага кангрэсу 1515 (т. 4); рэвізія Полацкага ваяводства 1552 (т. 5); матэрыялы замежных перагавораў прадстаўнікоў Жыгімонта ІІ Аўгуста ў 1553, скіраваных супраць магчымай каранацыі вял. князя маскоўскага Івана Васільевіча (т. 1); 7 лістоў Жыгімонта ІІ Аўгуста да старасты Жамойці, генеральнага адміністратара Інфлянтаў Яна Хадкевіча па інфлянцкіх справах (т. 1); некалькі апісанняў Рэчы Паспалітай 16 ст., у т.л. італьянцаў П.Э.Джаваніні, А.М.Грацыяні, Г.Спаночы (т. 15); твор С.Ажэльскага «Бескаралеўе 1572—1576» (т. 22); акты пасольства Рэчы Паспалітай у Швецыю 1596 (т. 20); матэрыялы і нататкі ковенскага земскага суддзі, сакратара караля польскага і вял. князя літоўскага Яна ІІ Казіміра С.Ф.Мядэкшы аб падзеях у ВКЛ у 1654—68, у т.л. дыярыушы пасольстваў у Маскву ў 1655, 1657 і 1662, матэрыялы перагавораў прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы таго ж часу (т. 3). Асобнае месца ў серыі займае т. 8 пад назвай «Архіў дому Радзівілаў». Кніга выпушчана ў 1885 на сродкі ардыната нясвіжскага, клецкага і давыд-гарадоцкага А.Радзівіла. Змяшчае дакументы з Нясвіжскага архіва Радзівілаў: лісты Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі 1571—1615, яго тастаменты 1603 і 1612; лісты кароннага канцлера і вял. гетмана Я.Замойскага 1577—1604; лісты Л.Сапегі 1584—1633; там жа апублікавана біяграфія Радзівіла Сіроткі. Матэрыялы т. 8 падрыхтаваў супрацоўнік Нясвіжскага архіва М.Богуш-Шышка, уступ і каментары напісаў польскі археограф А.Сакалоўскі. У т. 12 і 13 серыі надрукавана справаздача Б.Дэмбінскага аб знаходках палонікі і літуанікі 16—17 ст. у архівах і бібліятэках Рыма. У т. 6 змешчаны дзённік 1-га з’езда польскіх гісторыкаў 1880.
© Алег Ліцкевіч, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


