Артыкулы: Анісіфор (Міхаіл Пятровіч Дзевачка)
Анісіфор (у свеце Міхаіл Пятровіч Дзевачка) (?—паміж 1592 і 1594) — дзеяч праваслаўнай царквы, мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсёй Русіў 1579—1589.
З шляхецкага роду. У 1566—1570 гараднічы кіеўскі, займаўся пабудовай і падтрыманнем у Кіеве замка і іншых пабудоў[1]. Верагодна, паходзіў з Беларусі, адкуль на Украіну дастаўлялася дрэва для пабудовы замкаў і будаўнічыя каманды. Быў жанаты 2 разы, што пасля паслужыла зачэпкай для пазбаўлення яго мітрапаліцкай пасады.
У Кіеве Дзевачка зблізіўся з праваслаўнымі коламі, што аблегчыла яму атрыманне духоўных пасад. Ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ён атрымаў Лаўрышаўскі манастыр, што адбылося недзе да 1572. У чэрвені 1579 Анісіфор — ужо нарачоны мітрапаліт. Застаецца невядомым, калі ён атрымаў благаславенне канстанцінопальскага патрыярха. У вопісу мітрапаліцкага архіва 1763 значыцца дакумент «Jurament xiędza Dziewocki na metropolią» («Прысяга святара Дзевачкі на мітраполію»), датаваны 27 лютага 1583 г., а побач — «Копія ліста канстанцінопальскага патрыярха да мітрапаліта», датаваная 1583[2]. Гэтыя два дакументы, якія бліжэй невядомы, можна разглядаць у комплексе як благаславенны ліст патрыярха Іераміі і адпаведную прысягу мітрапаліта. Вучоныя 19 ст. спасылаліся на стаўлены ліст Анісіфору на мітраполію, які таксама датаваны 27 лютага 1583, але не на арыгінал, а на каталог мітрапаліцкага архіва, складзены ўжо ў Пецярбургу[3]. Куды дзеўся гэты ліст (можа, ён ідэнтычны прысяжнаму лісту Анісіфора таго ж дня?), невядома. Магчыма, навукоўцы сталі ахвяраў памылкі, дапушчанай мітрапаліцкімі архівістамі, бо ад таго ж чысла 27 лютага 1583 вядомы іншы дакумент — стаўлены ліст Анісіфора Дзевачкі іерэю Афанасію[4]. У лісце Анісіфора Дзевачкі свайму кіеўскаму сафійскаму намесніку Б.Гулькевічу-Глябоўскаму з дазволам выкупіць два царкоўныя селішчы ад 30 мая 1580 аўтар тытулуецца мітрапалітам, а не нарачоным мітрапалітам, значыць, да гэтага часу патрыяршае благаславенне ўжо было атрымана[5].
У 1579 Анісіфор атрымаў ад караля і вялікага князя Стафана Баторыя Троіцкі манастыр у Вільні[6], а ў 1584 зацвердзіў пры ім брацтва. Мітрапаліт Анісіфор шмат намаганняў прыклаў для ўмацавання ўлады мітрапалітаў, якая была пахістана праваслаўнымі брацтвамі. У гэтым рэчышчы Анісіфор у 1585 дамогся ад Стафана Баторыя пацвярджальнага прывілея, які актуалізаваў прывілей вялікага князя Жыгімонта І Старога 1511, а таксама гарантаваў недатыкальнасць духоўнага суда. Важнае значэнне меў прывілей караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы 1589, на моцы якога абвяшчалася недатыкальнасць маёмасці праваслаўнага духавенства, на якую раней прэтэндавалі гаспадарскія ўраднікі. На моцы гэтага дакумета царкоўная маёмасць памерлага іерарха перадавалася ў карыстанне не свецкіх уладаў, а адпаведнай духоўнай карпарацыі або духоўнаму начальству.
Усе гэтыя дабрадзействы, аднак, не паспрыялі ўмацаванню становішча самога Анісіфора. Мітрапаліт стаў ахвярай інтрыгаў брацтваў, якія падбухторылі канстанцінопальскага патрыярха Іерамію пазбавіць сану Анісіфора як дваяжонца. Такі ліст патрыярх выдаў у ліпені (?) 1589, калі знаходзіўся ў ВКЛ[7]. Праўда, згодна з афіцыйнай версіяй, Анісіфор сам адмовіўся ад пасады, спасылаючыся на нездароўе і старасць. Прымаючы яго заяву, Жыгімонт ІІІ 23 ліпеня 1589 зняў Анісіфора з мітрапаліцкай пасады. У якасці своеасаблівай кампенсацыі былы мітрапаліт атрымаў 25 ліпеня 1589 ад Жыгімонта ІІІ дварцы Быковічы і Ноўгарадавічы ў Новагародскім павеце. У 1590 Анісіфар адмовіўся і ад Троіцкага манастыра[8]. Жыў у спакоі ў Лаўрышаўскім манастыры, дзе і памёр паміж чэрвенем 1592 і лютым 1595.
Вялікая заслуга Анісіфара — выданне ў 1583 у віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» для праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай.
Дакументы, выдадзеныя мітрапалітам Анісіфорам, захаваліся да 19—20 стст. ў нязначнай колькасці:
Ліст мітрапаліта Анісіфора свайму сафійскаму намесніку Б.Гулькевічу-Глябоўскаму з дазволам выкупіць два царкоўныя селішчы. Новагародак, 1580 г., мая 30[9].
Ліст мітрапаліта Анісіфора аб вяртанні жыхару мітрапаліцкага сяла Міхалок Ярашу Васілевічу адабраных у яго на карысць мітрапаліта зямель Міхайлаўская Града і Сітнікаўшчына. Новагародак, 1582 г., лютага 1[10].
Позва мітрапаліта Анісіфора зямяніну І.Сушчанскаму-Праскуру з патрабаваннем з’явіцца на суд па справе аб захопе І.Сушчанскім-Праскурам у мітрапаліцкім сяле Каленцы ўрочышча Церні. Новагародак, 1582 г., сакавіка 28[11].
Стаўлены ліст мітрапаліта Анісіфора іярэю Афанасію. Новагародак, 1583 г., лютага 27[12].
Веручы ліст мітрапаліта Анісіфора свайму сафійскаму намесніку Богушу, упаўнаважанаму весці справу ў судзе па скаргам С.Ражноўскага. 1585 г., мая 21[13].
Стаўлены ліст мітрапаліта Анісіфора святару Спаскай царквы ў Крычаве Раману Стратановічу. Раней 5 лютага 1586 г.[14]
Благаславены ліст мітрапаліта Анісіфора Віленскаму Троіцкаму брацтву на будаванне званіцы. 1587 г., сакавіка 9[15].
Благаславены ліст мітрапаліта Анісіфора Віленскаму Троіцкаму брацтву. Новагародак, 1587 г., чэрвеня 12[16].
Дакументы, атрыманыя мітрапалітам Анісіфорам:
Ліст караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя мітрапаліту Анісіфору з загадам не перашкаджаць віленскім мяшчанам штогод перапісваць царкоўную і манастырскую маёмасць. Горадня, 1582 г., ліпеня 7[17].
Ліст патрыярха канстанцінопальскага Іераміі мітрапаліту Анісіфору адносна ўвядзення новага календара. 1583 г., студзеня 11[18].
Позва ад князя К.Астрожскага мітрапаліту Анісіфору ў суд па скарзе С.Ражноўскага за знявагу яго і яго сына. 1584 г., чэрвеня 29[19].
Ліст галіцкага праваслаўнага святарства мітрапаліту Анісіфору з заклікам устараніць беспарадкі ў царкве і абараніць праваслаўных ад католікаў, езуітаў і жыдоў. Варшава, 1585 г., лютага 14[20].
Пацвярджальны прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя мітрапаліту Анісіфору на ўладныя, судовыя і маёмасныя правы праваслаўных мітрапалітаў. Варшава, 1585 г., лютага 25[21].
Позва мітрапаліту Анісіфору ў суд па скарзе Васіля Цяпінскага на сялян мітрапаліцкага сяла Варабьевічы, якія абрабавалі на дарозе яго селяніна. 1585 г., жніўня 10[22].
Ліст караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы мітрапаліту Анісіфору аб пасвячэнні Афтанасія Цярлецкага ў сан полацкага архіепіскапа. Кракаў, 1588 г., верасня 22[23].
Прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы мітрапаліту Анісіфору аб недатыкальнасці маёмасці і правоў праваслаўнага святарства. Варшава, 1589 г., красавіка 23[24].
Судовыя і адміністрацыйныя справы з удзелам мітрапаліта Анісіфора:
Угода паміж каралеўскім сакратаром Мацвеем Іванавічам Пратасовічам-Астроўскім і нарачоным мітрапалітам Анісіфорам адносна валодання маёнткамі Шашолы і Вака. 1579 г., чэрвеня 19[25].
Дэкрэт адносна мітрапаліта Анісіфора і інстыгатара пра юрысдыкцыю ў Кіеве. 1579 г., снежня 12[26].
Акт падзелу маёнтка Шашолы паміж А.Кірдзеем, М.Ясенскім і мітрапалітам Анісіфорам. 1581 г., чэрвеня 7[27].
Прывілей караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя віленскім бурмістрам, радцам і лаўнікам праваслаўнай веры на валоданне Троіцкім манастыром пасля смерці мітрапаліта Анісіфора. Горадня, 1584 г., мая 27[28].
Універсал караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя з забаронай каралеўскім ураднікам умешвацца ў кампетэнцыю духоўнага суда. Варшава, 1585 г., лютага 25[29].
Позва караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя суддзі гродскаму кіеўскаму Івану Солтану з патрабаваннем з’явіцца ў каралеўскім судзе для разгляду справы пра захоп ім у мітрапаліта Анісіфора збору мыта з продажу жывёлы. Варшава, 1585 г., сакавіка 1[30].
Ліст караля польскага і вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя гарадскім уладам і гараджанам Вільні каталіцкага веравызнання па скарзе мітрапаліта Анісіфора і гарадскіх уладаў Вільні праваслаўнага веравызнання з забаронаю прымушаць праваслаўных святкаваць святы паводле новага календара. Горадна, 1586 г., верасня 8[31].
Сведчанне вознага ўладзімірскага Ісакія Далмацкага пра ўручэнне судовых позваў ад мітрапаліта Анісіфора па скаргам княжны Марушы Збаражскай і яе дачкі Ганны Загароўскай аб няслушным вырашэнні іх справы з княжною Кацярынай Чартарыйскай. Уладзімір, 1588 г., красавіка 1[32].
Загад караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы зямяніну Кіеўскага павета Мікалаю Макаравічу спыніць захопы і наезды на мітрапаліцкія маёнткі. Варшава, 1589 г., красавіка 7[33].
Ліст караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы гаспадарскім ураднікам з распараджэннем не распараджацца маёмасцю памерлых праваслаўных святароў. Варшава, 1589 г., красавіка 23[34].
Позва ваяводы кіеўскага князя В.К.Астрожскага падкаморыю кіеўскаму Шчаснаму Харлінскаму з’явіцца ў суд па скарзе мітрапаліта Анісіфора па справе аб наездзе Харлінскага на мітрапаліцкі маёнтак Унін. 1589 г., мая 11[35].
Судовая справа ў Троцкім падкаморскім судзе паміж мітрапалітам Анісіфорам і пісарам ВКЛ, падкаморыем віленскім Мікалаем Ясінскім адносна маёнтка Шашолы. Шашолы, 1589 г., мая 18[36].
Дакументаў, якія выйшлі з канцылярыі мітрапаліта Анісіфора, захавалася зусім няшмат, але ўсе яны, на каторых пазначана месца, напісаны ў Новагародку. Відавочна, тут знаходзіліся канцылярыя і архіў мітрапаліта. У сталіцы дзяржавы Анісіфор бываў рэдка, адчуваючы сябе няўтульна перад віленскім мяшчанствам. Праваслаўныя бурмістры і радцы Вільні даносілі каралю, што Троіцкі манастыр «для нечастого быванья до Вильни и отлеглости митрополитовы, также и за держанья продков его» прыйшоў у заняпад[37].
Важнае значэнне для зберажэння архіўных дакументаў не толькі мітрапаліта, але і епіскапаў, архімандрытаў, ігуменаў да і простых святароў адыграў прывілей Жыгімонта ІІІ 1589. З тэкста дакумента вынікае, што праваслаўнае духавенства скардзілася, што пасля смерці якой-небудзь духоўнай асобы каралеўскія ўраднікі — ваяводы, падскарбіі земскія, старасты, дзяржаўцы і іх намеснікі карыстаюцца духоўнымі маёнткамі, пустошаць іх, а між іншым «привилеи, листы и фундуши предков нашихъ, и тежъ князьскіе, панскіе, земянскіе, и иншые розного стану людей наданья, давные и теперешніе, и скарбы церковные, за справою ихъ, невѣдомо гдѣ ся подѣвають и гинуть»[38]. Жыгімонт ІІІ распарадзіўся, каб пасля смерці праваслаўнага іерарха або святара царкоўная маёмасць пераходзіла ў распараджэнне пэўнай царкоўнай карпарацыі (крыласу) і духоўнаму начальству да таго часу, пакуль не з’явіцца новы яе законны ўладальнік.
У вопісе дакументаў мітрапаліцкага архіва 1763 запісаў, звязаных з мітрапалітам Анісіфорам, няшмат:
«41.7. 1579 dnia 19 junij. Extrak [!] z metryk kąwencyi Protasowicza z Onicyforem metropolitą o dobra Szeszole, Krokszty y inne, które po oycu swym Jonie metropolicie trzymał.
41.8. 1580 dnia 16 mai. Dekret króla Stefana Batorego stwiedzający granicę Szeszel.
41.9. 1581 dnia 1 februarij. Przedaża pana Zorawskiego panu Chorelskiemu pustowszczyzny w Olanach między gruntami metropolitańskiemi y Olanskiemi nazywającey się Ozarewicze, z dwuma extraktami.
41.10. 1581 dnia 19 mai. Dekret króla Stefana Batorego między xiędzem metropolitą a j. panem Jasińskim o wydzielenie częsci w Szeszolach na kasztelana y podkomorzego wyjazd nakazujący.
41.11. 1581 dnia 7 junij. Ograniczenia przez kasztelana Szeszel xiędzu metropolicie wymienone [!] w Olanach włok osimdziesiąt osim morgow osimnascie prętow dziesięc, z extraktem, tu cztyry kopie, dwie originału, a dwie extraktu»[39].
«10.1. 1583 dnia 27 februarij. Jurament xiędza Dziewocki na metropolią»[40].
«133.3. 1583. Kopia listu patryarchy konstantynopolskiego do metropolity. [...].
133.5. 1585. Kopia listu upominalnego z podpisem rąk różnych panow do Onizyma Dziewoczki metropolity»[41].
Большасць дакументаў з гэтага спіса датычыць маёнтка Шашолы, бліжэй яны невядомы. Пра дакументы 10.1 і 133.3 была гаворка, калі высвятлялася пытанне аб благаславенні мітрапаліта Анісіфора. Пад дакументам 133.5, напэўна, трэба разумець ліст галіцкага праваслаўнага святарства да мітрапаліта з заклікам устараніць беспарадкі ў царкве.
Падрабязнасці:
Макарий (Булгаков). История Русской Церкви. М., 1996. Кн. 5. С. 225—255.
Грушевський Михайло. До біоґрафіï митрополита Онисифора Дïвочки // Записки Наукового товариства імени Шевченка. 1906. Рік XV. Т. LXXIV. Кн. VI. С. 5—9 (перадрукавана: Грушевський Михайло. До біографіï митрополита Онисифора Дівочки // Грушевський Михайло. Твори. Т. 8. Львів: Світ, 2007. С. 3—6).
Тимошенко Леонід. «Жаль намъ души и сумнѣнья вашей милости» (Київський митрополит Онисифор Дівочка перед викликами часу) // Дрогобицький краєзнавчий збірник. Випуск Х. Дрогобич: Коло, 2006. С. 149—165.
Пазднякоў В.С. Архіў праваслаўных і грэка-каталіцкіх мітрапалітаў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIII стст. (гісторыя, структура, склад). Мінск: БелНДІДАС, 2014. С. 113—120.
© Валерый Пазднякоў, 2016
[1] Litwin Henryk. Napływ szlachty polskiej na Ukrainę 1569—1648. Warszawa: Semper, 2000. S. 207; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 44. Кніга запісаў 44 (1559—1566) / Падрыхтаваў А.І.Груша. Мінск: Арты-Фэкс, 2001. С. 125—126; Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy. Tom III. Ziemie ruskie. Zeszyt 4. Urzędnicy województw kijowskiego i czernihowskiego XV—XVIII wieku. Spisy / Opacowali Eugeniusz Janas i Witold Kłaczewski. Kórnik: Biblioteka Kórnicka, 2002. S. 28.
[2] НГАБ. Ф. 1774. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 972.
[3] АЗР. Т. 3. Примечания. № 66. С. 13.
[4] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 98. С. 47 (рэгест).
[5] Рыбинский В. Киевская митрополичья кафедра с половины XIII до конца XVI века. Киев, 1891. С. 80—81, прим. 2.
[6] АСД. Т. 6. С. 51
[7] АЗР. Т. 4. Примечания. С. 6.
[8] АЮЗР. Т. 1. № 200. С. 237—238; АЗР. Т. 4. № 35. С. 51—53.
[9] Петров Н. Описание рукописей Церковно-Археологического Музея при Киевской Духовной академии. Вып. I. Киев, 1875. С. 183; Рыбинский В. Киевская митрополичья кафедра с половины XIII до конца XVI века. Киев, 1891. С. 80—81, прим. 2.
[10] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 94. С. 45—46.
[11] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 95. С. 46.
[12] Лебединцев П.Г. Материалы для истории Киевской митрополии // Киевские епархиальные ведомости. 1873. № 11. С. 317—319; Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 98. С. 47.
[13] Петров Н. Описание рукописей Церковно-Археологического Музея при Киевской Духовной академии. Вып. I. Киев, 1875. С. 184.
[14] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 72. Арк. 15—16 (выкладзены змест мітрапаліцкай граматы).
[15] АСД. Т. 10. С. 211 (рэгест).
[16] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 111. С. 54.
[17] АСД. Т. 6. № 37. С. 51—52.
[18] Малышевский И. Александрийский патриарх Мелетий Пигас и его участие в делах Русской церкви. Т. 2. Киев, 1872. Приложение. С. 98.
[19] Петров Н. Описание рукописей Церковно-Археологического Музея при Киевской Духовной академии. Вып. I. Киев, 1875. С. 184.
[20] АЗР. Т. 3. № 146. С. 289—291; Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 106-1. С. 51—52.
[21] НГАБ. Ф. КМФ-18. Воп. 1. Спр. 73. Арк. 62 адв.—65; Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 107. С. 52.
[22] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 108. С. 52—53.
[23] АЗР. Т. 4. № 7-ІІ. С. 9—10. У працах царкоўных гісторыкаў і публікацыях дакументаў архіепіскапа называюць «Афанасій», але ў шматлікіх дакументах Метрыкі ВКЛ сустракаецца толькі форма «Афтанасій».
[24] Белорусский архив древних грамот. Ч. 1. М., 1824. № 24. С. 65—70; АЗР. Т. 4. № 14-І. С. 16—17; АВАК. Т. 2. № 5. С. 10—14; Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 124. С. 58.
[25] Вестник Западной России. 1869. Кн. 3. С. 51—54.
[26] Руська (Волинська) метрика. Регести документів Коронної канцелярії для українських земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства). 1569—1673. Київ, 2002. С. 336.
[27] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 91. С. 44—45.
[28] АЗР. Т. 3. № 144. С. 286—288; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 70 (1582—1585). Кніга запісаў № 70. (Копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А.А.Мяцельскі. Мінск: Беларуская навука, 2008. № 122. С. 190—192.
[29] АЗР. Т. 3. № 149. С. 292—293.
[30] Каталог колекції документів Київської археографічної комісії, 1369—1899. Київ: Наукова думка, 1971. № 68. С. 32.
[31] РИБ. Т. 7. Стб. 1108—1112.
[32] Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 3. № 6. С. 348—349.
[33] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 117. С. 55—56.
[34] АЗР. Т. 4. № 14-ІІ. С. 17—19.
[35] Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. 1470—1700. СПб., 1897. № 120. С. 57.
[36] АВАК. Т. 30. № 5. С. 13—34.
[37] АЗР. Т. 3. С. 286; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга 70 (1582—1585). Кніга запісаў № 70. (Копія канца XVI ст.) / Падрыхтаваў А.А.Мяцельскі. Мінск: Беларуская навука, 2008. С. 190.
[38] АЗР. Т. 4. С. 16.
[39] НГАБ. Ф. 1774. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 911 адв.
[40] НГАБ. Ф. 1774. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 888 адв.
[41] НГАБ. Ф. 1774. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 972.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


